Што там, за вокнамі?



Маразы на Вадохрышча – гэта нармалёва! За вокнамі пануе зіма.

І ўсё ж лічбы на градусніку моцна здзіўляюць. Кагосьці так здзіўляюць апошнія навіны нашых шыротаў. Быццам мы жылі ў шыкоўных умовах, а потым – раз, і трапілі з зоны буржуйскага камфорту ў зону насамрэч. Не, пэўныя змены адбыліся, але… Ці так нечакана? Якія менавіта змены? Давайце правядзем пэўныя падлікі. Беларусь у рэйтынгу бяспекі апусцілася з 16 на 144 месца. Тое, што мы апошнія ў Еўропе не здзіўляе. Здзіўля параўнанне з іншымі краінамі-“хуліганкамі”.

Самай бяспечнай краінай свету на пачатак 2021 лічыцца Катар, а самай небяспечнай – Венесуэла. Мы знаходзімся дзесьці паміж Зімбабвэ і Дамініканай ды Кеніяй і Лівіяй. Не самая паважаная кампанія, але маем, што маем! Не навіна.

Тым часам сіноптыкі папрасілі беларусаў быць асцярожнымі і папярэдзілі пра хуткае і рэзкае пацяпленне… Зіма доўга не пратрымаецца! Выпрабаванне для сасудаў. І для многіх у бліжэйшай перспектыве відавочны паход у аптэку. Кошты на многія лекавыя прэпараты значна выраслі. Не навіна. 

Чытанне навінаў дадае трывожнасці і псуе нервы нават здаровым людзям (нашы аптэкі дакладна не збанкрутуюць!): то медыкаў бяруць, студэнтаў і журналістаў, то да праваабаронцаў чапляюцца, то спыняюць і зноўку запускаюць першую нашу шматпакутную гаротную АЭС.

Нягледзячы на маразы аж да мінус 29 градусаў, у Беларусі прайшлі нядзельныя маршы, пікеты і флэшмобы. І гэта нармалёвая рэакцыя на падзеі, што адбываюца ў Беларусі. Здаровая рэакцыя.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ