Скрадзенае свята



Жаданне дараваць крыўды і абагрэць усіх стомленых і здарожаных – натуральнае і зразумелае жаданне перад Раством Хрыстовым. Жаданне стаць хоць для кагосьці валхвом, каралём і прынесці свае дары тым, каму прыходзіцца цяжэй… Гэта нармалёва.

Добрыя намеры? Спрацоўвае не заўжды і не з усімі… А падчас і намераў быць добрым (справядлівым) у калядны перыяд няма, як паказала адна зусім не калядная гісторыя са Смаргоні. 5 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна абвясцілі прысуд прадпрымальніку і былому ўладальніку і рэдактару «Новай газеты Смаргоні» Рамуальду Улану. Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў па максімуме – тры гады хіміі з адбыццём да месца пакарання. Суддзя Сяргей Боландзь прысудзіў два гады і шэсць месяцаў. Не забываемся пра штрафы пакрыўджаным: чатыром міліцыянтам абвінавачаны мусіць сплаціць па 300 рублёў, тром — па 500. Пракурор прасіў кожнаму па 1000 р. Суд прызнаў спадара Улана вінаватым у распаўсюджанні заведама ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу на падставе артыкула 188 Крымінальнага кодэкса «Паклёп».

Гісторыя здарылася наступная. Рамуальд Улан сфатаграфаваў расклееныя ў грамадскіх месцах горада ўлёткі невядомага аўтара і размясціў пару фота ў групе «Чуткі Смаргоні» сацыяльнай сеткі «ВКонтакте». Гэта быў нават не асобны пост – проста каментар у працэсе размовы. Размовы пра набалелае, дарэчы! Хто стварыў улёткі? Аўтар невядомы. І гэта яўна не спадар Улан. Ніякіх доказаў адваротнага прыведзена не было. І ўвогуле, талковага расследавання па тэме аўтарства не было. Чым так моцна ўлёткі пакрыўдзілі міліцыянтаў і чаму справа дайшла да суда? Там сцвярджалася: шэраг супрацоўнікаў смаргонскай міліцыі або злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі, або давалі ў судах непраўдзівыя сведчанні ў надуманых адміністрацыйных справах. За гэта сямёра праваахоўнікаў і падалі ў суд на 55-гадовага прадпрымальніка.

У апошнім слове Рамуальд Улан сказаў: жыхары маюць права на свабоднае выказванне меркавання і мірныя дэманстрацыі, гэта не забаронена заканадаўствам. Хочацца дадаць, што паспрачацца онлайн і офлайн можа кожны… Хто з нас не посціў гарачых навінаў у інтэрнэце? Будзем падлічваць лайкі і дызлайкі? А потым ісці ў суд за меркаванне? Або за канстатацыю факта: вось пра гэтых таварышаў іншыя таварышы думаюць – так?

Непрыгожа, спадарства, асабліва ў чароўны калядны час. Хтосьці моцна расчараваў Дзеда Мароза ды Санту разам узятых, і ўжо не атрымае сваіх дароў. Такое меркаванне мае права на існаванне? 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ