Стары Новы год…



Вам кажуць, што дарослым не патрэбны падарункі? Не верце! Дарослыя пад Новы год таксама прагнуць цудаў. Праўда, калі мы кажам пра дарослых людзей у Беларусі, то…

То гісторыя звычайна такая: бліжэй да Старога Новага года разбіваюцца ўсе спадзяванні і ілюзіі, якія маглі з’явіцца ў вас 31 снежня. Мары на лепшае жывуць два тыдні, калі ты раптам апынешся беларускім журналістам. Страты старога году ў годзе новым растуць у геаметрычнай прагрэсіі. Знішчаныя газеты. Арыштаваныя журналісты. Іх было многа? Стане яшчэ больш, пакуль наш чарговы год не перастане быць адвечным днём сурка. Калі? Пытанне спрэчнае і нявырашанае.

14 студзеня прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. “Мерапрыемства” доўжылася тры гадзіны. Забралі некаторыя запісы, дакументы, дзесяць жорсткіх камп’ютарных дыскаў… Гэта мінус. Нікога не арыштавалі – гэта плюс. І калі прафесія журналіста ва ўсім свеце лічыцца стрэсавай, то беларускія журналісты стала працуюць на вулкане або дзесьці побач. Трасе амаль штодзень.

Ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы, якую завялі напярэдадні супраць былога супрацоўніка рэдакцыі Андрэя Аляксандрава. Аляксандраў – у турме на Акрэсціна. Адваката падчас вобшука ў офіс БелаПАН не пусцілі.

З лютага месяца «Белсаюздрук» разрывае дамову з газетай “Новы час”, а «Брестская газета» прыпыніла выхад, бо не знайшла ніводнай друкарні ў Беларусі, згоднай на супрацу… Усё як мае быць. Год насамрэч распачаўся.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ