Страх і любоў… Каляднае



Няпросты вісакосны год фінішуе – будзем спадзявацца, што наступны будзе да нас дабрэйшым? Спадзявацца будзем, але бягучы год пакінуў зашмат няпростых пытанняў.

Вось і Міністэрства адукацыі парадавала беларусаў арыгінальнай прапановай пад канец году (ці не выбралі яны ўвогуле свой ліміт ідэй?) Таварышы чыноўнікі ад адукацыі прапанавалі падумаць: “Ці не прыбраць нам са школьнай праграмы астраномію і чарчэнне?” І замяніць гэта непатрэбства на “Асновы праваслаўнай культуры”. Хм, чарчэнне тузаюць туды/сюды ўжо не першы раз, а вось астраномія ў часы новых касмічных даследванняў? Калі Ілан Маск (і хто там яшчэ?) прапаноўвае шыкоўны інтэрнэт і палёты на Марс, мы адмаўляемся ад патэнцыйнай магчымасці ўдзельнічаць у гэтых шыкоўных авантурах? Бо калі наша міністэрства адукацыі кажа А, яно абавязкова скажа Б. А давайце падумаем… Вось насамрэч, давайце спачатку думаць, а потым выказвацца ўслых, бо апынемся ў рэшце рэшт на забытым хутары дзесьці паміж пустак і балот беларускай зямлі. Без чарчэння і астраноміі, затое з асновамі праваслаўнай веры. Тым часам Беларусь – дзяржава многіх канфесій, дзяржава свецкая… У дадзены момант.

Давайце згадаем Галілео Галілея і Джардана Бруна… Давайце згадаем словы Тадэвуша Кандрусевіча падчас каляднай службы: “Пераўтвараць сілу страху ў сілу любові!” Словы шчырага верніка і высокаадукаванага чалавека, адкрытага свету. І гэта самае важнае, што варта згадаць і праваслаўным, і католікам, і людзям іншых канфесій. І фізікам, і лірыкам, і атэістам, а найперш – беларускім чыноўнікам-“адукатарам”. Пераўтвараць сілу страху ў сілу любові… Бо як вучыць і вучыцца, калі страх вочы засціць?  

Беражыце сябе і сваіх блізкіх. У святы і будні.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ