Святы беларуса… Перадкаляднае



Пра беларусаў рознае кажуць! Хто не сядзеў – той не беларус? Наша хата ўжо не з краю і да ўсяго раптам з’явілася шмат цікавасці… Ці так гэта насамрэч? Што будзе далей, як перазімуем? Шмат пытанняў без адказу пад канец году.

Не выклікае сумневаў тое, што сапраўдны беларус як распачынае святы адзначаць 24 снежня, так і не спыняецца да 19. Каталіцкае Раство і Праваслоўнае Вадохрышча. Усё па чарзе – разам з суседзямі, роднымі, землякамі… Сяброўскія сустрэчы, бяседы, падарункі… Праўда, ковід вымусіў многіх вытрымліваць дыстанцыю, але падарункі… Падарункі засталіся, асабліва для дзяцей. Вось з падарункамі дзіўныя гісторыі здараюцца ў нашых шыротах… Згадаем адну з іх!

Вёска. Зіма. Пошта. Перад навагодне-каляднымі вакацыямі бабуля вырашыла зрабіць прэзент малодшай унучцы і набыць падарунак ад самаго Дзеда Мароза. На вітрыне мясцовага паштовага аддзялення вісела прыгожая афіша-прапанова “Паштальён прынясе падарунак вашаму дзіцяці ад Дзеда Мароза дадому!” Цудоўная магчымасць. Прыгожы канверт і падушка з бычком – сімвалам 2021-га па ўсходнім календары… Але набыць падарунак магчымасці не было – выставачны абразец. Добра, замовіце нам такі ж на раённай пошце? “Замовім з задавальненнем!” – адказалі працаўніцы вясковай пошты… А праз нейкі час выбачыліся, што нічога не атрымаецца: скончыліся падарункі з сімвалам года. І выставачны абразец прадаць не маюць права. На жаль, і ў мінулым годзе ён  таксама прапаў – каму ж сімвал года патрэбен у годзе новым? Так і жывем: хай лепш тавар сапсуецца, а насустрач пакупніку мы не пойдзем! Шкада. Падарункі павінны быць актуальнымі.

І гэту простую вясковую гісторыю можна перанесці на многія рэчы і з’явы ў Беларусі. Усяму свой час, і так шкада, калі мы яго марнуем дарма.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Святы побач. 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ