Трохі свабоды ў халоднай вясне



У Беларусі травень, але па адчуваннях мы не да лета рухаемся, а вяртаемся ў зіму!

3 траўня адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку, а 5 траўня – Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў… Зрэшты, больш карэктна ўжываць слова “чалавек з інваліднасцю”, а не “інвалід”, але ж яшчэ карэктней было б мець сапраўднае, а не бутафорскае безбар’ернае асяроддзе хоць у сталіцы… Бо чытаеш рэпартаж пра перамяшчэнні па горадзе паралімпійскай чэмпіёнкі Людмілы Ваўчок і здзіўляешся: нават загартаванай спартоўцы няпроста перамяшчацца. І падчас звазіць дзіця на гурткі ды самой выбрацца па справах – сапраўдны квэст! Тым часам не кожны беларус з інваліднасцю павінен быць чэмпіёнам – камусьці і “батанікам” трэба быць!

І вось дзякуючы таму, што трохі свабоды слова ў нас засталося, мы не можам стварыць безбар’ернае асяроддзе для мамаў з дзецьмі і людзей з інваліднасцю, затое можам прачытаць розныя цікавыя гісторыі… А журналісты могуць падштурхнуць чыноўнікаў хоць да нейкіх пазітыўных дзеянняў. Не будзе свабоды друку – будзем чуць выключна оды добрым “гаспадарнікам”, што ўрачыста пераразаюць чырвоную стужачку на жахлівым пандусе ў Гомелі. Праўда, у той одзе пандус будзе прыўкрасны, шаноўнае спадарства!

На шчасце, не ўсе журналісты і праваабаронцы трапілі за краты, але тым, хто ўжо трапіў у турму або пад хатні арышт, вельмі патрэбна дапамога і падтрымка. На міжнародную прэмію “Front Line Defenders” намінаваныя зняволеныя сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца, а таксама дырэктар і юрыст «Офісу па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ