Усё па Даўлатаву?



Гіперадказнасць – ці заўжды гэта добра? Не вельмі добра спазняцца на працу, калі ты чалавек сур’ёзны і адказны, праўда? Але ж калегі… Што рабіць гіперадказнаму “службісту”, калі яго супрацоўнікі “сачкуюць” і парушаюць рэжым?

Адзін з магчымых варыянтаў вырашэння праблемы прапаноўваюць Дзяржкантроль і газета “Вечерний Гродно”. Вы заўважылі, што калега спазняецца на працу? Ездзіць за мяжу ў асабістых мэтах, але ў працоўны час? То менавіта для вас да 18 ліпеня працуе ананімная “гарачая лінія” КДК па Гарадзенскай вобласці.

Вядома, ва ўсіх арганізацыях маюцца журналы ўліку працоўнага часу, дзе пазначаюцца гадзіны прыходу і сыходу работнікаў з працоўнага месца… Падчас гэта справа наўмысна або ненаўмысна ігнаруецца. Што рабіць? Прымаць або змагацца? Парада газеты “Вечерний Гродно” не ўсім пасуе, бо насамрэч гіперадказнага чалавека такі будзе грызці сумленне… Усё ж мы не ў Германіі жывем, дзе нармалёвая сітуацыя – пажаліцца на суседа, калі той смецце няправільна выкінуў… Хутчэй, нашы людзі згадаюць савецкі досвед – і будзе ён не на нашу карысць!

Літаратар Сяргей Даўлатаў у свой час асуджаў сталінскія рэпрэсіі, але сабе ды іншым неадназначнае пытанне задаваў: “Хто ж напісаў чатыры мільёны даносаў, шаноўныя?”

Гіперадказнасць – ці заўжды гэта добра? У некаторых сітуацыях – вельмі нават! Возьмем сітуацыю з баршчэўнікам. Баршчэўнік Сасноўскага – вядомы паразіт расліннага свету! Вопыт Віцебшчыны ў яго знішчэнні ўзорны. Тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульных “запасаў” гэтай заразы па краіне. Расліна-паразіт расце на плошчы каля трох тысяч гектараў, піша “Звязда”. Фінансаванне на вырашэнне праблемы павялічваецца. На дапамогу ўзялі квадракоптар… Безумоўна, кожны адказны грамадзянін Беларусі баршчэўнік ля сваёй сядзібы павінен знішчыць сам!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ