Вазочнікі на мітынгу… Што з імі рабіць?



Беларусь ходзіць на мітынгі ўжо не першы месяц, і не раз на акцыях пратэсту можна было ўбачыць людзей на інвалідных вазках. Адразу згадваеш, пра аўтазакі з пад’ёмнікам у РФ, і задумваешся, ці расшчодрыўся бюджэт тваёй краіны на такія закупы… А можа, суседзі дадуць у растэрміноўку? Або – пакарыстацца часова, пакуль у іх усё адносна спакойна?

Тэму дапамагае раскрыць гісторыя, што здарылася ў Бярозе. Суд Бярозаўскага раёна 6 кастрычніка разгледзеў адміністрацыйную справу інваліда 1-й групы Валерыя Барашкі, які 20 верасня на інвалідным вазку стаяў насупраць гарадской плошчы Бярозы з невялічкім бел-чырвона-белым сцяжком. Міліцыя палічыла гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Адзіночны пікет – гэта вам не жартачкі! І склалі на спадара Валерыя пратакол па ч.1 арт.23.34 КаАП. Раней супрацоўнікі Бярозаўскага РАУСа вынеслі яму пісьмовае папярэджанне пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Вусна папераджэнні таксама былі.

Можна толькі парадавацца, наколькі паспяхова ідзе інтэграцыя людзей з інваліднасцю ў нашай дзяржаве апошнія год дваццаць. Нароўні з усімі астатнімі яны могуць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны! І суд Бярозаўскага раёна пасля апошняга рамонту быў абсталяваны ліфтам для людзей з інваліднасцю – яшчэ адна харошая навіна.

Пытанне безбар’ернасці аўтазакаў і непасрэдна турэмных памяшканняў застаецца адкрытым. Гэта даволі сур’ёзныя капіталаўкладанні, а з грашыма ў бюджэце тугавата. Суддзя Людміла Рудзіна вырашыла абмежавацца папярэджаннем… І на тым дзякуй.   

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ