Вечна жывы?



Тысячу разоў меў рацыю цар Саламон: “Усё мінае – міне і гэта!” Нішто ў свеце не вечнае (нават радыёактыўныя ізатопы ўрэшце распадуцца!), а людская ўлада – тым болей не вечная. Пытанне часу – не больш за тое.

Усё адносна. Хтосьці з моцных свету нашага працягвае жыць ва ўяўленнях і міфах нашчадкаў даволі доўга. Дзядуля Ленін, напрыклад… Культ улады Ёсіфа Вісарыёнавіча калечыў лёсы суграмадзянаў у асноўным пры жыцці ўладара. Культ “добрага” дзядулі Леніна расцягнуўся па часе і працягнуў свае ўпартыя шчупальцы ажно ў 21 стагоддзе.

Гэта Беларусь, дзетка: тут ніхто не будзе ладзіць масавае і актыўнае знішчэнне маёмасці. У гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца: не варта рабіць рэзкіх рухаў. У Літве ўсіх “Леніных” звезлі ў музей – тут патрэбна ініцыятыва зверху ды грошы! Ва Украіне ўвогуле зладзілі масавы і хуткасны “Ленінапад” ды раздзяўблі помнікі савецкай эпохі… Не наш метад, спадарства. Наш метад – здаць стары помнік на рэстаўрацыю, а потым зразумець: яна не магчымая… А на новы помнік грошай у бюджэце няма – праўды жыцця.

У горадзе Смаргонь у сувязі з абласнымі „Дажынкамі” праводзіцца рэканструкцыя цэнтральнай гарадской плошчы, і ў новы вобраз горада стары помнік Леніну не ўпісаўся. Спачатку прыбралі помнік. Потым – пастамент ад яго. На новы помнік правадыру няма грошай, але раённае начальства супакойвае – трохі падрамантуем і знойдзем новае месца “старому” Леніну! Цудоўна. Ніхто не будзе пакрыўджаны… Абы не сурочыць!      

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ