Вечная гісторыя



У сусветнай літаратуры ёсць некалькі асноўных сюжэтаў, што паўтараюцца мноства разоў, а ў беларускай навіновай палітры маецца тузін асноўных тэмаў… Або трохі болей.

Гарэлачныя заводы і заводзікі пастаянна з’яўляюцца на даляглядах сінявокай у розных накірунках – то з захаду на ўсход, то з усходу на захад. Вось і гэтай прыгожай травеньскай парой праваахоўнікі “прыкрылі” чарговы – у Гарадзенскім раёне. Класіка жанру! Лясны масіў, 40 наяўных літраў прадукту крышталёвай чысціны ды 2,5 тысячы літраў брагі – на перспектыву. Гаспадар падчас затрымання міліцыяй быў увесь у справе – у рабочай вопратцы, у рабочым працэсе… Беспрацоўны мужчына 34 гадоў заявіў, што варыць самагон выключна для свайго ўжытку. Пра густы не спрачаюцца, як і пра апетыты, але ж рэальны аб’ём “прадукту” паказвае на прамысловы характар вытворчасці. Тут размова ідзе не пра рамесніцтва, не! Індывідуальнае прадпрымальніцтва?

Гісторыя з іншай оперы здарылася з іншым жыхаром рэгіёна: 21-гадовы гарадзенец вырашыў “дапамагчы” 31-гадоваму азербайджанцу знайсці працу за мяжой. То бок ён паабяцаў мужчыну знайсці працу ў Скандынавіі. За 270 долараў. Чаму не? Зусім не дорага! Паспрабаваць дапамагчы чалавеку можна заўжды, спадарства! На ўдачу… А насамрэч ніякага досведу ў пошуку працы для сябе ды іншых гарадзенец не меў. Грошы былі патрэбны джэнтльмену ўдачы (і каму яны не патрэбныя?). У следчага камітэта – свая праца… ды інтэрнэт безлімітны. То маем яшчэ адну крымінальную справу. Застаецца спадзявацца: азербайджанец не мае грошай на дарогу да Гародні, а то можа распачацца яшчэ і міжнацыянальны канфлікт наўздагон недарэчнаму дробнаму інцыдэнту.

Шкодныя звычкі, жаданнне зарабіць грошай, эмоцыі… Чаго не знойдзеш тут, пад шэрым небам. Усё маем – і ўсё ў гаспадарцы спатрэбіцца! Выключна для свайго ўжытку.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ