Вера ў цуды



У Беларусі – адліга! Мінусы пераўтварыліся ў суцэльныя плюсы (яшчэ адно выпрабаванне для сасудаў), затое – вясна на парозе!

Што б ні здаралася ў краіне і свеце, сэрца верыць у цуды. І падчас навіновая хроніка падкідае гісторыі такіх безнадзейных рамантыкаў, што проста вачам сваім не верыш. Здараецца ж? Адна гарадзенка так хацела мець прыгожы раман, што гатовая была аддаць больш за 11 тысячаў долараў за жаданне ўбачыць “ужывую” сваё віртуальнае каханне. Менавіта на такую суму заважыў багаж “амерыканскага вайсковага пенсіянера”, які ніяк не мог спісацца на бераг з-за праблемаў са сваёй банкаўскай картай. Дзіўныя рэчы, але жанчына паверыла расповедам і паціху выдавала патрэбныя сумы, пакуль кавалер не пракалоўся, напісаўшы, што захрас “недзе ў аэрапорце горада Полацка” і яму патрэбна яшчэ трохі грошыкаў, зусім трохі – 650 долараў…

І тут жанчына зразумела, што трэба звяртацца ў міліцыю… Не ясна толькі, чым там змогуць ёй дапамагчы. Справу за махлярства завялі, але ж чым справа скончыцца? Грошы ніхто пацярпелай грамадзянцы не верне – не тыя магчымасці і прыярытэты ў наш час у нашых праваахоўных органаў. Ды і раней падобныя справы нічым добрым не заканчваліся. У лепшым выпадку замежныя кавалеры знікалі за даляглядамі, а ў горшым з’яўляліся і распачыналі шантаж праз фота асабістага зместу… Вось і тут гісторыя не стала выключэннем з правілаў. І гарадзенка зноў пайшла ў міліцыю – маем новую заведзеную справу ўжо за вымагальніцтва.

Беражыце сябе і свае грошы. Тут і цяпер. А то прыйдзецца заўтра браць пазычку на прадукты ў вядомай усім беларусам гандлёвай сетцы… І пад немалы працэнт! Новая фішка нашых шыротаў (https://finance.tut.by/news719722.html ).

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ