Вось такая… Ульрыка



Не можаш змяніць штосьці – змяні сваё стаўленне да прадмета ці з’явы.

І жыць стане лягчэй. У прыватнасці, да надвор’я толькі так і можна ставіцца, да таго ж у цыклонаў такія паэтычныя назвы – Хаўер, Даніэла, Ульрыка… Апошняе як раз на парозе.

І ўсё ж ёсць рэчы, якія цяжка ўспрымаць па-філасофску. Беларус не адважыцца на адкрыты пратэст, не! У асноўнай сваёй масе ён знойдзе спосаб творча (ці не вельмі!) прыстасавацца да абставінаў і зарабіць на іх. Або даць зарабіць суседу, але так, каб і самому не застацца не ў накладзе.  Тое ж з замежнымі пасылкамі і лімітам для іх.

У дзяржавы нашай – свой інтарэс. Дзяржава павінна беларуса кантраляваць, кантраляваць і яшчэ раз кантраляваць. І зарабіць на ім у кубе, бо… На кім яшчэ заробіш? На сваіх. Жалезная логіка, якая не сёння і не ўчора з’явілася.

У беларуса інтарэс процілеглы, але адстойваць яго на плошчы ці пісаць скаргі – гэта ўсё не пра нас, таварышы і спадарства! Гэта пра ўкраінцаў ці пра законапаслухмяных немцаў. Кожнаму сваё. Мы адвеку “паміж” – і нам застаецца партызанка ды кантрабанда ў самых розных праявах ды варыяцыях.

Адзін папулярны расейскі сайт прапанаваў беларусам безпошлінную дастаўку пасылак з далёкага замежжа на суму аж да 1000 еўра (і 30 кг – ліміт па вазе!) праз РФ. Паслуга атрымання і апрацоўкі замоваў каштуе 3-5 долараў у залежнасці ад вагі. Плюс дастаўка да Менска. Ад 4 да 50 долараў. Стане нават лепш…Бедная наша дзяржава… Так прыдзецца і мяжу на ўсходзе аднавіць, толькі да Еўропы бліжэй мы не станем, хай сабе і санкцыі з нас здымуць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ