Вось такія навіны…



Беларускі верасень – паратунак для тых, хто праспаў гэта лета… Шыкоўнае надвор’е.

Праўда, трохі ахалоджваюць некаторыя навіны і лічбы, з імі звязаныя. Беларусь у чарговы раз трапіла не ў вельмі паважаную кампанію… Тусоўку, дзе не шануецца свабода прэсы, а менавіта – у дзясятку краінаў з самай жорсткай цэнзурай паводле Камітэту абароны журналістаў. Спіс адкрываюць Эрытрэя, Паўночная Карэя і Туркменістан, дзе СМІ знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы, а любая незалежная журналістыка вядзецца толькі з выгнання. Мы на 9-м месцы.

Можна выдыхнуць? І насамрэч – можна, калі згадаць парачку іншых бязглуздых навінаў ужо з цывілізаваных краінаў. То паслухаем, што там і дзе, пра што гаворка ідзе…

Рада аўстралійскага гарадка Маўн-Баркер забараніла мясцовым катам гуляць па начах. То бок забараніла мясцовым жыхарам заводзіць больш дзвюх котак і выпускаць іх па начах з роднай хаты. Усё таму, піша «Guardian», што жывёлы паводзяць сябе непрыстойна, перашкаджаюць спаць мясцовым і дадаюць смецця на вуліцах і газонах… Карацей, парушаюць правы іншых – тых, хто не трымае катоў і, адпаведна, не разумее іх зусім! За катамі, якія схільныя парушаць грамадскі парадак, будзе ўстаноўлена відэаназіранне пры дапамозе схаваных камер… Фантастыка!

Падобны судовы працэс у Францыі скончыўся паспяхова для абвінавачанай жывёліны. Тут на выспе Алерон надарылася спрэчка паміж суседзямі. І на гаспадыню пеўня Морыса падалі ў суд з-за таго, што ён не давай людзям спаць сваім «ку-ка-рэку»… Раніцай. У вёсцы. Хм, дзіўны гэты свет! Але праз два гады Морыс быў апраўданы. Нервовыя суседзі павінны будуць выплаціць яго гаспадыні 1000 еўра за маральныя страты. Гукі вёскі – гэта вам не жартачкі, гэта ў нашы дні проста культурная спадчына!

Беларускія коткі пакуль гуляюць самі па сабе, а пеўні спяваюць вольна… За іх можна парадавацца.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ