Вясна ў вёсцы



Травеньскія дзянькі стаяць проста шыкоўныя… І гэта добрая нагода праехацца па навакольных вёсачках – Смаргоншчына насамрэч прыгожая!

І паўсюль людцы жывуць, рупяцца, сваімі справамі займаюцца… У вёсцы прасцей трымаць дыстанцыю і немагчыма яе ўтрымаць, бо гэта вёска. Затое ніхто нікога не прымушае ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах… масава. Нават кветкі да помнікаў у Дзень перамогі можна ўскласці, вытрымліваючы адпаведную дыстанцыю… Праўда, з маскамі – яўны дэфіцыт.

Сучасная беларуская вёска працуе, бо не можа не працаваць і шчыруе на падворышчах і ў гародах… Ці думаюць вяскоўцы пра каронавірус? Безумоўна, думаюць. Навіны ў сеціве чытаюць, усё разумеюць, да афіцыйнай хронікі ставяцца скептычна… Працэнт думаючых людзей у вёсцы такі ж, як у вялікіх гарадах.

Падчас знаходзіш аналогіі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС у 1986, але разумееш, што цяпер людзі ведаюць больш і маюць шанец прыняць хоць нейкія меры перасцярогі. Сонца і паветра – ратунак і крыніца вітаміну Д, не атрута – пазітыў нашых дзён! І ўсё ж адна аналогія напрошваецца. СССР утрымаў уладу пасля аварыі на ЧАЭС насуперак злачынству замоўчвання праблемы, але сам пратрымаўся нядоўга. Здаваўся гігантам – апынуўся калосам на гліняных нагах… Кіраўнік дзяржавы спадар Гарбачоў не страціў здароўе, як многія падманутыя ім савецкія людзі, што згарэлі ад радыяцыі, – працягвае жыць, працаваць, апраўдвацца… Праўда, ён страціў самага блізкага чалавека – бадай, гэта горш, чым страціць здароўе самому… Бумеранг? Знак лёсу? Нагода для многіх… задумацца.

Рабі, што павінен. Спадзявайся, на лепшае… Думай пра добрае і не жадай зла іншым. Парушэнне простых формул можа прывесці да выбуху ў лабараторыі. Хай сабе і не адразу… Па вялікім рахунку і наш зламыснік-вірус дзейнічае па тыпу аэразолю. Рэакцыя  пайшла.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ