Як сустрэнеш… Версіі



Кажуць, як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш… Спакойна, авантурна, пазітыўна? Варыянты вітаюцца. Пакуль – па некаторых адчуваннях – 2020 год лагічна працягваецца…

Лагічнымі сюрпрызамі. Айцішнікам зрэзалі ільготы: пэўна, хтосьці вырашыў, што ў мінулым годзе яны дрэнна сябе паводзілі. З 1 студзеня стаўкі падаходнага падатку для працаўнікоў кампаній рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій падвысілі з 9 да 13% (сама па сабе прыгожая лічба, праўда?) Міністр фінансаў Юрый Сіліверстаў патлумачыў сітуацыю журналістам партала Tut.by. Айцішкам абяцалі льготы не больш працяглы перыяд? Так, але па словах міністра нам ніхто не абяцаў каронавірус, а ён сам прыйшоў. І патрабуе вельмі шмат грошай. Адсюль і “платны” выезд за мяжу, і змены ў адносінах да сферы айці, і многія іншыя рэчы…

Падвышаны памер падатку на прыбытак з 18 да 30% для аператараў электрасувязі і сотавай сувязі… І чамусьці міністр фінансаў думае, што гэта не паўплывае на кошты для карыстальнікаў. Дзіўная логіка для эканаміста, праўда? Нават калі не ўлічваць законы эканамічныя, то закон захавання энергіі згадаць варта. У нашай школе яўна назіраюцца праблемы з фізікай – куды ўжо болей змяншаць колькасць гадзін? І ці варта выкідаць астраномію? Хочацца верыць, што новы год будзе ўраўнаважаны ў плане адукацыйных авантураў.

І, безумоўна, навагодне-калядны перыяд не можа абысціся без падарункаў. Што падрыхтуеш іншым, тое і сам атрымаеш. І ёсць людзі, якім цяпер асабліва важна не быць забытымі – беларускія палітычныя вязні. Іх колькасць значна вырасла за прамінулы год. Што будзе ў гэтым годзе – пытанне! Перад Новым годам Зміцер Дашкевіч быў адным з тых, хто прапанаваў адправіць віншаванні ў турму палітычным… Людзі сабраліся з сіламі, сабралі грошы – і адправілі лісты, паштоўкі і Біблію ў турмы. Новы запавет.

Артыкул 17 закона РБ аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай: “Асобам, якія ўтрымоўваюцца пад вартай, дазваляецца атрымліваць без абмежавання колькасці пасылкі, бандэролі, дробныя пакункі…” Тым не менш усе бандэролі былі вернутыя па зваротным адрасе. Прычыны? Затрыманыя могуць карыстацца турэмнай бібліятэкай. То бок перапіска і атрыманне карэспандэнцыі ў нас забароненыя? Забаронена мець асабістыя кнігі пры сабе?

Што рыхтуеш іншым, тое і сам атрымаеш… Ці спрацуе закон бумерангу ў 2021-м? Прынцыпова важнае пытанне для многіх сумленных людзей.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ