З лёгкай парай!



Лазня – адзін з самых лепшых антыдэпрэсантаў у нашых шыротах! Лекі для цела і душы шэрымі марознымі днямі. Вясновымі – таксама!

У здаровым целе – здаровы дух… Шлях да здароўя няпросты. І лазня на шляху да здароўя не самы танны памочнік! Пастановай Рады Міністраў РБ ад 11 студзеня 2016 года пад нумарам 8 унесены змены ў ранейшую пастанову той самай рады, дзе паслугі агульных аддзяленняў лазняў і душавых па ўсёй краіне былі аднесены да сацыяльна значных паслуг. Адпаведна з гэтым кошты на іх рэгуляваліся дзяржаўнымі органамі. Чытай – субсідзіраваліся.  Новай пастановай дадзеныя паслугі выключаны з пераліку сацыяльна значных. Ніякіх ільгот і субсідзій у лазні, таварышы! Тарыфы па сабекошце.

Лазня – экалагічна чыстыя лекі для цела і душы ў нашых шыротах… І найбольшым попытам яна карыстаецца ў паўночных раёнах Беларусі. Возьмем гарадскі пасёлак Лёзна на самай мяжы з РФ. Віцебская вобласць плаўна перацякае ў Смаленскую. Краіны-суседкі. Кошты на паслугі лазні перацякаюць менш плаўна, пра што сведчыць гарадскі партал  http://liozno.info/. Параўнаем!

Адна памыўка ў цэнтральнай лазні Лёзна з парылкай будзе каштаваць 70 000 беларускіх рублёў, без парылкі – 60 000. Душ – 80 000. Кошты венікаў не ўдакладняюцца! У суседнім з Лёзна расейкім раённым горадзе Рудня таксама ёсць лазня. І там адна памыўка каштуе 60 расейскіх рублёў – каля 17 000 тысячаў беларускіх па актуальным курсе. Адчуйце розніцу! Танней у тры разы. Мясцовыя людзі падлічылі, што выгодней мыцца ў Рудні – хопіць і на лазню, і на піва, і на аўтобусныя квіткі.

Дзіўнае месца Лёзна! Нават сталічныя менскія лазні з басейнамі прапаноўваюць лепшыя кошты і лепшы сервіс… Зрэшты, у кожнага талковага лёзненца ў прыватным сектары “знойдзецца” свая лазня (ці сябры ў прыватнм сектары!). Тут ужо паўночнікі мала адрозніваюцца ад заходнікаў. Хіба клімат трохі больш суворы і снегу больш.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ