Заходзім на новы віток?



Па вялікім рахунку, лічбы нічога не змяняюць, але нейкі час мы будзем звыкаць да таго, што 2015-ты ўжо стаў 2016-м… І цікава, якім ён будзе.

Безумоўна, Беларусі не варта чакаць выбараў кіраўніка дзяржавы і зусім не варта спадзявацца на яшчэ адну Нобелеўскую прэмію ў бягучым годзе, але… Штосьці значнае павінна ж здарыцца. Па той простай прычыне, што жыццё працягваецца. І панядзелкі рухаюцца ў бок пятніц.

У 2016-м нас чакае дэнамінацыя. Падзея! З 1 ліпеня айчынная валюта страчвае чатыры нулікі. 50 тысячаў пераўтвараюцца ў 5 рублёў. 500 рублёў у 5 капеек. Бадай, манеткі – самае незвычайнае ў гэтым працэсе. Цікава, колькі яны пратрымаюцца ў кашальках беларусаў да чарговага вітка інфляцыі? Можна рабіць стаўкі, спадарства.

У 2016-м мы будзем жыць з падаткам на дармаедства. 20 базавых велічыняў. Да 1 ліпеня падатковая рыхтуе спісы. Да 1 кастрычніка дасылае іх адрасатам. Да 1 лістапада 2016-га яны павінны разлічыцца з бюджэтам за свой “неўпарадкаваны” лад жыцця.

У 2016-м чакаем парламенцкія выбары ў Беларусі. Не пазней за 17 верасня (дакладная іх дата невядомая, але дакладна вядомы бюджэт!)

І ўжо з 1 студзеня пачаў працаваць шырока вядомы ўказ кіраўніка дзяржавы пад нумарам 222 на конт сертыфікатаў для ІП, што гандлююць імпартным адзеннем ды абуткам. У выніку могуць спыніць працу больш за 120 тысячаў іпэшнікаў па ўсёй краіне, але… Хутчэй за ўсё ладная частка так ці інакш прыстасуецца. Рэвалюцыі не будзе па той простай прычыне, што жыхары гэтай краіны тысячу разоў падумаюць перад тым, як паварушыцца і… Не будуць рабіць рэзкіх рухаў. Тэмперамент. Гістарычны бэкграўнд. Зоркі так склаліся…

І мароз. У Беларусі прагназуюць узмацненне маразоў з пачаткам новага тыдня. Чакаем, рыхтуемся, дастаем цёплыя рэчы. Шмат іншых падзей чакае нас, а што менавіта – час пакажа. Хочацца верыць, што з беларусамі здарыцца штосьці насамрэч цікавае і пазітыўнае ў 2016-м, акрамя нечакана прыгожага зімовага надвор’я ў студзені.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ