Закрытая прастора



На прамінулых выходных у Менску, у раёне верхняга горада, адбыўся музычны фэст Karol Jan Open Air. Насуперак прахалоднаму надвор’ю атмасфера – па водгуках удзельнікаў – была нязмушаная ды еўрапейская. Менск у свеце ліхтароў дастаткова душэўны, але…

Месцамі Менск бывае абыякавым ды бесчалавечным. Крок управа, крок улева – расстрэл? Не ўсё так дрэнна і страшна, але некаторыя выпадкі паказваюць, што ў беларускай сталіцы яшчэ вельмі шмат людзей з савецкім менталітэтам. І гэта праяўляецца ў першую чаргу ў стаўленні да людзей з інваліднасцю – да “іншых”. Такіх не толькі ў “касманаўты не бяруць”, але і ў некаторыя начныя клубы. Непрыгожая гісторыя здарылася ў адным са сталічных начных клубаў – Rich Cat. Маладога чалавека ў інвалідным вазку не пусцілі ва “ўстанову”. Нягледзячы на прыстойны выгляд і кампанію сяброў, якія маглі дапамагчы пераадолець прыступкі, што маюцца там. Маладыя людзі асабліва не разгубіліся ды пайшлі ў іншы клуб (там ім былі рады!), напісаўшы перад гэтым пару абураных слоў у кнігу скаргаў ды прапаноў Rich Cat.

Пра гісторыю свайго знаёмага шырока распавёў у сацыяльных сетках вядомы блогер, падарожнік і вазочнік – Аляксандр Аўдзевіч, справакаваўшы тым самым дыскусію пра нашы правы ды абавязкі. Саша звязаўся ў фэйсбуку з адміністрацыяй клуба Rich Cat, але не дачакаўся выбачэнняў за “інцыдэнт” з вазочнікам. Хутчэй, наадварот – кіраўнік Лідскага таварыства інвалідаў-вазочнікаў атрамаў сваю дозу хамства. Маўляў, тут і здаровым цяжка ў клуб прабіцца ды на нагах застацца, а вы хвалюецеся пра нейкіх там людзей на колах.

У сувязі з дадзенай гісторыяй – у святле апошніх падзей – думаеш не пра дыскрымінацыю ды парушэнне правоў чалавека – не навіна! Думаеш пра тое, што наш крызіс не дастаткова крызісны, калі ў начных клубах няма дзе яблыку ўпасці. І кампанію з шасці чалавек не прымаюць з-за аднаго вазочніка. І дзе тут барацьба за кліентаў і грошы? Падыход зусім не еўрапейскі. Савок, панове. 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ