Жанчыны выйшлі з-пад кантролю



Жаночая выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm” нечакана для ўсіх (амаль па-партызанску!) выдала дзве новыя кнігі прозы на сыходе зімы.

Чытаць кнігі – справа рызыкоўная і палітычна недобранадзейная. Раніцай у прамінулую пятніцу затрымалі пенсіянераў, якія ехалі электрычкай на Маладзечна. Пажылыя людзі чыталі ў цягніку кнігі беларускіх аўтараў. Пажылыя людзі рухаюцца і развіваюцца інтэлектуальна? Супер. Гэта ж прафілактыка Альцгеймера і панаванне здаровага ладу жыцця, два ў адным. Не тое, не тут… Хтосьці ўбачыў у кагосьці невялікія сцяжкі, бранзалеты, стужачкі… Бел-чырвона-белыя. І вось гэта ўжо злачынства, асабліва небяспечнае ў спалучэнні з забароненай літаратурай (а забароненай літаратурай у нашы дні можа стаць любы том Караткевіча ці Купалы, Багдановіча ці Быкава!)

Было арыштавана 16 чалавек. Пазней міліцыянты далі зразумець жанчынам, што сярод іх быў падстаўны «засланы казачок». Людзі ў цывільным чакалі зручнага моманту для затрымання ў суседнім вагоне электрычкі… “Аперацыя Ы”. Шпіёнскія гульні. Шыкоўна. У нашых праваахоўных органаў адна з прыярытэтных задачаў – лавіць чытаючых пенсіянераў? Пенсіянеры і студэнты – галаўны боль для міліцыі! Дарэчы, студэнты таксама чыталі ў метро забарненую літаратуру – знак падтрымкі старэйшых таварышаў.

Кнігі Евы Вежнавец і Тані Скарынкінай можна чытаць і дома, і ў грамадскім транспарце. Галоўнае – паспець набыць! Аповесць Вежнавец “Па што ідзеш, воўча” выдана накладам 400 асобнікаў,  а эсэ Скарынкінай “Райцэнтр” інтрыгуюць накладам не меней, чым тэкстам: у продажы пакуль толькі 20 асобнікаў. Пра паступленне асноўнай часткі накладу выдавецкая ініцыятыва абяцае паведаміць дадаткова. Пільнуйце ў кнігарнях гісторыі са Смаргоні і пра Смаргонь!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ