Зіма



Самым неверагодным чынам шыкоўная беларуская восень пераўтварылася ў такую ж прыгожую зіму!

Яно і насамрэч – рэдка такое здараецца, каб зіма каляндарная адпавядала нашым уяўленням пра яе. Мароз і сонца, завіруха – у пачатку снежня за вокнамі ў Беларусі заснежыла і прымарозіла. Хтосьці “злавіў” сапраўдны навагодні настрой і паставіў елку (ненатуральную, безумоўна!), але сіноптыкі абяцаюць такое ж хуткае пацяпленне і з ім звязаныя нязручнасці ў выглядзе шэрасці ды мокрадзі на вуліцах гарадоў і мястэчак… Маўляў, чакайце – снежная казачка зменіцца іншымі карцінкамі і сапсуе вам уражанні. Чакаем. І думаем пра тое, як перыжыць зіму з яе маразамі ды пацяпленнямі.

За парадамі далёка хадзіць не трэба – варта толькі пагартаць навінную стужку… Хочаце добра адчуваць сябе зімой – варта высыпацца правільна, харчавацца правільна і правільна думаць, то бок усё распачынаецца і заканчваецца здаровым ладам жыцця і добрым настроем. Дрэнны настрой… Што рабіць з паганым настроем? Нічога!

У дрэннага настрою ёсць свае перавагі, піша адзін амерыканскі навукоўца. Паганы настрой робіць вас такім сабе разумненькім дэтэктывам, які можа аператыўна выявіць хлусню. Чалавек у дрэнным настроі хутчэй адчувае хлусню. Чалавек у добрым настроі расслабляецца і робіцца даверлівым, што не заўжды добра. Не заўжды можна дазволіць сабе добры настрой, спадарства!

Беларусы з іх непаўторным досведам недаверу і без мільёна разумных тэстаў пацвердзілі б гэту простую рэч. Будзь пільны, сачы за сабой, прыглядай за суседам… і не пакідай дурных каментароў у сеціве з 1 снежня! Не хапала яшчэ трапіць у новую базу невядома каго: яна працуе незразумела як… То бывайце здаровы, жывіце багата і не паказвайце кулямёт, схаваны за хатай!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ