Званок на урок… Ну, вы ж усё разумееце, праўда?



Працэс пайшоў… Навучальны. Пасля праваслаўнага Вялікадня дзеці пайшлі ў школу.

Многія беларускія настаўнікі былі гатовыя працаваць дыстанцыйна. Да апошняга чакалі “адмашкі” ад начальства. “Зверху” вырашылі, што вакацыі зацягнуліся, – пара вучыцца і вучыць! “Знізу” начальства ўзяло пад казырок. Ок, а дзеці пры тым на ўроках і перапынках павінны быць у масках (іх не хапае) і мець пры сабе антысэптык (не меншы дэфіцыт!) Вы можаце ўявіць сабе хуліганістых і шустрых дзяўчынак і хлопчыкаў, якія будуць стройнымі радамі хадзіць у масках па школе? На уроках і перапынках. Настаўнік павінен праветрываць клас (на перапынках). Вучняў выпускаць на калідор непажадана. Пажадана – захоўваць дыстанцыю. Дзецям. У школе. Цудоўна!

І пайшлі дзеці ў школу. І настаўнікі – таксама. Урокі праводзяцца ў поўным аб’ёме. Перапынкі – без скарачэнняў. Усё як мае быць… І любы сумленны педагог, прыйшоўшы дадому, згадае пра тых, хто да школы не дайшоў. Не дайшлі многія – з імі прыдзецца пазаймацца дыстанцыйна. Дапамагчы, пракантраляваць, праверыць. З любові да мастацтва, бо аплоціцца гэта ўсё або не – яшчэ пытанне! Не дайшлі да школаў тыя дзеці, бацькі якіх вырашылі паставіцца да небяспекі захварэць на каронавірус даволі сур’ёзна. Сацыяльная адказнасць? Партызаншчына? Хутчэй, разуменне таго, што твае правы заканчваюцца там, дзе пачынаюцца правы іншых людзей. Пашкадавалі настаўнікаў. Пашкадавалі сваіх дзяцей. Вырашылі падумаць. На жаль, больш тых гісторый, дзе людзям настолькі цяжка займацца сваімі дзецьмі самастойна, што яны гатовы іх адправіць куды заўгодна – насуперак усім эпідэміям і рызыкам. Дзецьмі ж займацца трэба – хай школа імі і зоймецца! Захварэе хто – хай дактары іх палечаць. Дэлегіруем ім усю адказнасць профільным спецыялістам. Тым болей, дзяржаўная палітыка “панічныя настроі” ў грамадстве не падтрымлівае.

Варта быць разважлівым грамадзянінам. Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Дзядуля Ленін загадаў, а ён у нас – аўтарытэт.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ