Чарга на той свет



Віця не тое каб ненавідзеў бацьку. Не. Хоць яны з ягонай маці развяліся даўным-даўно, бо той бязбожна піў, Віця ўсё адно працягваў яго рэгулярна наведваць. А што рабіць, калі закладніцай бацькі-алкаголіка стала цалкам нармальная, але ўжо нямоглая Віцева бабуля. Калі хлопец ператварыўся ў мужчыну і зажыў сваім жыццём, бабуля ўжо канчаткова выбілася з сіл змагацца з хворым сынам і злягла сама. Унук рэгулярна прыязджаў яе праведваць, прывозіў ежу, карміў і мыў старую. У суседні пакой, дзе ў тэлевізар глядзела п’янае цела, ён заходзіў толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Але не з нянавісці, а хутчэй з грэблівасці да істоты, якая калісьці была чалавекам і нават была здольнай даць Віці жыццё.

Паміраючы, бабуля пакінула Віці сваю кватэру і пасаг у выглядзе алкаголіка, які ўжо нават страціў здольнасць размаўляць. Віця праз раз’езны характар працы не мог, ды і не хацеў, даглядаць чалавечую гародніну, якая па ўласным выбары і жаданні прайшла ўсе ступені дэградацыі. Гэтак думалі і Віцевы суседзі, калі чыстасардэчна пацвярджалі сацыяльным работнікам, што алкаголік з іхнага пад’езду даўно перастаў быць дзеяздольным, самастойна не мог схадзіць і на пошту па пенсію. Праз гэта ён нават кінуў піць, бо не было за што, але мозг ужо зазнаў незваротныя працэсы, і аднавіцца не змог. Віця працягваў ездзіць, прывозіць ежу, бо нянавісці да бацькі ў яго не было, а таму сумленне не дазваляла кінуць яго на галодную смерць.

Дзяржаўныя службы лёгка ўвайшлі ў становішча Віці, які большую частку года знаходзіўся ў камандзіроўках, і пагадзіліся прыняць чалавека, афіцыйна прызнанага недзеяздольным, у адмысловы інтэрнат для інвалідаў.

Але сын яўна рана пачаў будаваць планы на жыццё, у якім не было больш сваяка-алкаголіка. Рана пачаў марыць, як зробіць рамонт у сваёй кватэры ці як прадасць яе, а на выручаныя грошы купіць новы аўтамабіль для пачатку ўласнага бізнэсу. Усякія мары аказаліся бессэнсоўнымі, таму што ягоны бацька атрымаў у чарзе на інтэрнат нумар 90.

Нягледзячы на рашэнне сацыяльных службаў, месца ў інтэрнаце аказалася атрымаць не лягчэй, чым месца прэзідэнта ў нашай краіне. Бо вызваляюцца вакантныя ложкі толькі шляхам натуральнага памірання іх часовых карыстальнікаў. А значыць, пакуль у інтэрнаце, куды размеркавалі Віцевага бацьку, не памрэ 89 чалавек, Віця так і будзе некалькі разоў на тыдзень вазіць ежу чалавеку, да якога не мае нянавісці, але і любові не мае таксама.

П.С. Гісторыя заснавана на шэрагу рэальных сітуацыяў і з’яўляецца тыпізаванай. Магчымае супадзенне імя героя і апісаных падзеяў носіць выпадковы характар.

 

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ