Час паношаных ботаў. Спажывецкія назіранні



Занепакоілася была, што знік з майго Берасця “Дом натуральнай касметыкі”. Аказалася, што крама проста пераехала ў іншае месца, але я б не здзівілася і зачыненню. Экалогія і арганіка – гэта бізнес-клас, на які і ў звычайных умовах не выдаткоўвае грошы сярэднестатыстычны пакупнік. А ў крызіс ад яго адмаўляюцца і больш патрабавальныя. Якая каму розніца, тэстуюць шампунь на жывёлах ці не, калі за тыя ж грошы можна купіць чатыры бутэлькі белітаўскага? Сумленне замаўкае, калі прыходзіцца зацягваць жываты.

У другой крамцы, што спецыялізуецца на будаўнічых інструментах, памяняўся прадавец. Але гэта так падалося, што памяняўся: насамрэч за прылавак стаў сам гаспадар, а наёмнага рабочага вымушаны быў звольніць. Інструменты сталі раскошай, без якіх у крызіс можна выжыць, і сцежку да крамы памятаюць яшчэ толькі прафесіяналы, якім час ад часу прыходзіцца ўкладацца ў новы інструмент.

Стогнуць і пракатчыкі музычнага абсталявання. Як ні збівай кошт, як ні змагайся за кліентаў, але канцэрты таксама плаўна сыходзяць у мінулае. На іх і ў дакрызісныя часы хадзіла мала народу, а цяпер да ўсямоцнай глядацкай ляноты дадалася яшчэ больш магутная глядацкая беднасць. Услед за канцэртамі імкліва скарачаюцца і пышныя некалі карпаратывы ды вяселлі. Як заплаціць музыкам 400 даляраў, калі звычайны для горада заробак – 100-200 даляраў? Правільна, ніяк, таму ў лабухаў цяпер значна больш вольных вечароў. І нават Новы год большасць з іх адзначылі ў сям’і.

Знаёмы гандлюе камп’ютарамі. Продажы, канешне, упалі, але зусім не перапыніліся. Хтосьці замест традыцыйнай пакупкі валюты ў дзень заробку ідзе купіць камп’ютар – усё роўна ж трэба сыну зрабіць падарунак на Дзень народзінаў. Тым больш можна аформіць крэдыт, і яшчэ і выйграць нешта на інфляцыі. Так што людзі прыходзяць, але незадаволеныя і насцярожаныя. Адна пара дзве гадзіны выбірала камп’ютар, відаць, спакусіўшыся на цэны старога прывозу. Камп’ютар не купіла, і яго набылі іншыя. На наступны дзень пара вярнулася, і калі пабачыла камп’ютар такой жа мадэлі, але іншай партыі (а значыць даражэйшы), то тут жа і выдала сваё бачанне беларускага свету: прэзідэнт стараецца-стараецца, а спекулянты здзекуюцца з простага народа, накручваючы цэны.

У краме заатавараў чую падобны дыялог – толькі пра транспарт. Жанчына хваліць рашэнне гарвыканкама, што ўласнікам маршрутак забаранілі падымаць цэны, хоць дзяржаўны транспарт падаражэў. Уласніца крамкі, іпэшніца, паспачувала калегам, і гэта выклікала магутнейшы ўсплеск негатыву з боку заяўніцы размовы. Хай здохнуць гэтыя прыватнікі, бо заробкі не падвышаюцца, а на маршрутцы і без падвышэння кошту ездзіць дорага. Здаровы сэнс замяняецца інстынктыўнай злосцю, калі чалавеку не хапае грошай нават на базавыя расходы. Вінаваты тады – не той, хто вінаваты, а той, хто бліжэй.

Але не ўсім дрэнна. Ажывіўся гандаль у старасвецкім шапіку ля суседняга рынку. Вы ведаеце такія шапікі – металічныя, падобныя на міні-вагоны, часам з пад’ёмным вечкам ля вітрыны. Гэты экзэмпляр застаўся з 90-х, і ягоны гаспадар займаецца заменай замкоў, рамонтам парасонаў і заточкай ключоў. Я жыла і не заўважала існавання шапіка, пакуль аднойчы не стала шкада выкінуць сумку з-за абламанага бегунка. Падобна, успомнілі ці дазналіся пра яго існаванне і іншыя жыхары раёна, бо цяпер побач з ім заўжды нехта ёсць.

Росквіт перажываюць таксама сферы рамонту вопраткі і абутку. За мінулы год адна берасцейская абутковая майстэрня зарабіла ўдвая больш, чым за пазамінулы, і цяпер збіраецца пашырацца. Беднасць, у рэшце рэшт, таксама трэба абслугоўваць – калі не дарагімі цацкамі, то зашытымі ботамі і зацыраванымі паліто. Наша будучыня ідзе ў бок блашыных рынкаў, бо купляць новае мы хутка не будзем у стане.

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ