Па галаве сабе пагудзіце! Адказ бландзінкі вопытным кіроўцам



Ну вось я і за рулём. Усяго тыдзень, таму вельмі вас, вопытных кіроўцаў, раздражняю. Не так хутка паварочваю, баюся ўлазіць у дзіркі, марудна выязджаю з паркоўкі. Але паколькі я цярпліва выслухоўваю вашыя раздражнёныя гудкі, то і вы цяпер цярпліва паслухайце мяне.

Па-першае, мне не зусім зразумела, куды гэта вы так спяшаецеся. У пазадарожным жыцці вы ўсе быццам бы ўсведамляеце, што любы чалавек не нараджаецца з комплексам разнастайных уменняў, і на авалоданне любога з іх трэба час. Вы назіраеце, як вашыя дзеці вучацца чытаць і пісаць, як пляменнікі няўмела круцяць педалямі, пачынаючы ездзіць на веласіпедзе, ды і сябе ўспамінаеце са смехам, калі першы раз, ну напрыклад, варылі кашу. Чаму ад маладых калег-кіроўцаў вы патрабуеце, каб яны кіравалі аўтамабілем на вашым узроўні – узроўні аўтааматара як мінімум з 10-гадовым стажам? Тым больш, скажам шчыра, не так моцна мы і запавольваем рух, а калі і тармозім, то больш ад вашых гудкоў, чым ад свайго няўмення.

Калега пераказвае сітуацыю, пасля якой яна перадумала вучыцца на кіроўцу. Яе муж пастаянна даказваў, што дарога – не месца для жанчыны. Спрачацца з ім яна перастала пасля стаяння ў адным доўгім заторы на складным скрыжаванні. Муж тады сказаў ёй: “Паспрачаемся, што затор стварыла жанчына?”. Затор сапраўды стварыла жанчына, напэўна, такая ж нявопытная, як я. Калега апісала, як жанчына выглядала за рулём: “Спужана азіралася, нібы хавалася за руль”. А мудрыя вопытныя кіроўцы замест таго, каб выйсці з машыны і дапамагчы, каб усім разам ехаць далей, сваімі гудкамі і каментарамі толькі больш заганялі жанчыну ў паніку. Блін, няўжо яны сапраўды думалі, што ад гэтага яна хутчэй паедзе?

Але калі на тое пайшло, то вы, спадары вопытныя кіроўцы, нашмат небяспечней для дарожнага руху, чым мы, пачаткоўцы. Мы ўсяго толькі тармозім і глохнем ад хвалявання, а вы чаго толькі не вытвараеце! Гэта асабліва заўважна мне цяпер, на першых тыднях майго кіраўнічага стажу, бо я яшчэ добра памятаю правілы дарожнага руху. Гэта вы, а не мы, пачынаеце рух на жоўты, гэта вы перастройваецеся на скрыжаваннях і пешаходных пераходах, гэта вы беспадстаўна і рэзка мяняеце паласу руху, часта нават не паказаўшы паварот, гэта вы не вытрымліваеце дыстанцыю паміж аўтамабілямі. І, галоўнае, гэта вы найчасцей збіваеце пешаходаў, якія ў вас вечна “выбягаюць з неадкуль”. Паназірайце за сабой, вы ж нават не збаўляеце хуткасць на непраглядных пераходах: адкуль вы ведаеце, што з яго не пачне раптам рух на ровары 9-гадовы хлопчык? Як той, якога вопытны кіроўца грузавіка нядаўна збіў на вуліцы майго Берасця.

Дарэчы, непрагляднымі пешаходныя пераходы таксама часта робіце вы, вопытныя кіроўцы. Вы так зручна забыліся, што нельга паркаваць машыны за 15 метраў ад “зебраў”, і ў выніку за вашымі транспартнымі сродкамі зусім не бачна людзей на краі праезнай часткі. Асабліва дзяцей.

Так што адрасуйце свае гудкі выключна сабе, і прыгадайце пры нагодзе прымаўку пра бервяно ва ўласным воку. Ведаеце, што найменш мне хацелася б пераняць ад вас? Акрамя нецярпення, яшчэ вечную незадаволенасць. Не дай божа мне калі-небудзь бубнець за рулём з-за кожнай незразумелай сітуацыі, якая адбываецца на дарозе. І з-за кожнага навічка, які скрадзе 2 хвіліны майго часу.

Бо хай лепш скрадзе час, але нікому пры гэтым не наробіць шкоды.

Ці ў вас іншае меркаванне?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ