Прадажны народзец



Што ні кажыце, а разумее наша ўлада, што самая вялікая для яе пагроза – далёка не апазіцыя, не заходнія спецслужбы і нават не свабодныя СМІ. Усё пералічанае, канешне, радасці не прыносіць, але асаблівай небяспекі таксама. Пагроза – яна ў іншым.

Калі за кошт датацый і гандлю нафтатаварамі можна было падтрымліваць прыстойны ўзровень жыцця электарату, напляваць яму было на свабоду меркаванняў і іншыя правы чалавека. Дакладней сказаць, сам электарат выказваўся і рэалізоўваў правы без нейкіх праблем, бо па-савецку не прэтэндаваў на нешта большае за чарку і шкварку – пра гэта і гаварыў, гэта і бараніў, і ў гэтым яму не перашкаджалі. І з нямым ухваленнем сачыў за дзяржаўнымі органамі, якія прэсавалі нязгодных з рэжымам людзей, бо шчыра не разумеў, што яшчэ можа быць патрэбна ў жыцці. Я сама ў 2010 годзе моцна рассварылася з родзічам, які працаваў сабе рабочым, атрымліваў добры заробак і з сытай упэўненасцю даказваў, што дыктатура – найлепшы дзяржаўны строй ever. І так думалі многія простыя беларусы.

А пасля прыйшоў крызіс 2011-га і спадарожная з ім паніка, пустыя прылаўкі і кругласуткавыя чэргі ў абменнікі. Мая знаёмая, карэнная беларуска з Баранавіч, тады раптам загаварыла пра бессэнсоўнасць айчынных грошай і неабходнасць пераходу на расейскі рубель. Яна была звычайнай афіцыянткай і шчыра верыла, што гэта найлепшае выйсце. І ў гэта верылі многія простыя беларусы.

Напрыканцы мінулага года, калі краіна ўжо глыбока сядзела ў дупе, раптам загаварылі пра новыя грошы. Пакуль інтэлігенцыя з сацыяльных сетак абмяркоўвала плюсы і мінусы гэтай дзеі, іншая знаёмая, прадавачка, у парыве эмоцый выдала: “Хай бы ўжо лепш адразу расейскія, калі ўсё адно з гэтымі манетамі на касе мучыцца!”. І так думалі многія – не толькі прадавачкі.

А зусім нядаўна ехала я ў машыне з маладой парай. Яны глядзелі трэшавыя амерыканскія фільмы і пераказвалі словы “аднаго чэла з аховы прэзідэнта”, што Лукашэнка застаецца ў Беларусі ўсяго на два гады, збірае падаткамі з народа апошняе і з’язджае ў Венесуэлу. А краіну аддае Расеі. І думаеце, страшна ім было ад абсурднага сцэнару, у якім яны ні каплі не сумняваліся? Зусім наадварот, маладыя чакаюць, хутчэй бы праляцелі два гады, і можна было пажыць лягчэй. Яны прадпрымальнікі, працавалі ў тым ліку ў Расеі і ў параўнанні ведаюць, што ў суседзяў пакуль нашмат лягчэй з падаткаабкладаннем.

Таму першая пагроза нашай звышстабільнай уладзе і ўслед за гэтым тэрытарыяльнай цэласнасці – гэта беднасць. Бо той быццам бы непатрабавальны народзец, які старанна вырошчвалі з беларусаў, пры першай нагодзе гатовы перайсці да іншага гаспадара – з больш поўнай чаркай і больш тлустай шкваркай.

У адрозненне ад нязручнага маніфестанта ці мастака, які, як аказваецца, у крызіс гатовы абыходзіцца і ўрэзаным пайком. Абы была перспектыва.

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ