Штраф за міласэрнасць



Валянціна Казіміраўна плача. Валянціне Казіміраўне крыўдна. Цяпер яна пенсіянерка, але некалі працавала настаўніцай, з перакананасцю савецкага чалавека ўнушала дзецям паняцці справядлівасці і дапамогі слабейшым. І сама старалася жыць па гэтых паняццях, упэўненая, што калі не робіш нічога дрэннага, то і табе дрэннага не зробяць. Менавіта таму зараз ёй крыўдна, і на вачах ледзь трымаюцца, каб не скаціцца на шчокі, слёзы.

Усё пачалося ў той дзень, калі яна ішла міма аптэкі і пабачыла, як бяздомнаму шчанюку аптэкарка перамотвае параненую лапу. Патрэбен быў нехта, хто б згадзіўся часова прыгледзець за сабачкам і перыядычна рабіць яму свежыя перавязкі. У Валянціны Казіміраўны і без таго ёсць сабака і два каты, таму забраць да сябе шчанюка, якога вельмі шкадавала, яна не магла, але пагадзілася прыглядаць за ім у двары. Толькі разумная жывёлінка адразу зразумела, хто з’яўляецца яе сябрам у шматкватэрным доме. Яна прабіралася ў пад’езд Валянціны Казіміраўны і пішчала, і апошняя, каб не правакаваць нецярплівых суседзяў на агрэсію ў адносінах да малой істоты, усё ж наважылася часова забраць яе да сябе.

Мець малога ненавучанага шчанюка ў 67 год – не так проста, як можа падацца. Выгулы кожныя тры гадзіны і пастаяннае дагляданне за хворым пенсіянерку вельмі вымотвала, ёй нават падавалася, што ў доме з’явілася малое дзіця, на якое ў пажылой пары проста не хапала сіл. Да таго ж жанчына ведала, што шчанюк так і працягвае быць бадзяжным, нягледзячы на прытулак і неабходныя прышчэпкі, бо аднойчы яму прыйдзецца зноў аказацца на вуліцы. Трымаць яго ў сябе па сённяшніх беларускіх законах яна не мела права, таму ад пачатку казала сабе і навакольным, што шчанюк знаходзіцца ў яе на ператрымцы, пакуль маладзейшыя валанцёры не знойдуць яму пастаянных гаспадароў. Па сутнасці, у цывілізаваных дзяржавах гэтым займаюцца афіцыйныя ўстановы. Ловяць бадзяжных сабак, прышчэпліваюць і кастрыруюць іх, а пасля ці пакідаюць у прытулку, ці адпускаюць на вуліцу, ці аддаюць новаму гаспадару. Мы, як вядома, да такой ступені цывілізаванасці пакуль не дараслі, і па-ранейшаму праблему бадзяжных жывёл вырашаем выключна адстрэламі. А тыя з нас, хто з гэтым катэгарычна не згодны, забірае нічыйных сабак і катоў да сябе, траціць уласныя грошы на лячэнне, а пасля адпускае. Бо зразумела, што кватэры і дамы валанцёраў не такія вялікія, як іх сэрцы.

І вось пакуль шчанюку шукалі гаспадара і гаілі яму рану, ён пакрысе пачаў пераўтварацца ў рослую аўчарку, якую супраць зімы Валянціна Казіміраўна не адважылася выкінуць на вуліцу. Тым больш яна збіралася зрабіць апошнюю добрую справу для гэтага сабакі – кастрыраваць і чыпаваць, каб камунальнікі бачылі, што ён не ўяўляе небяспекі людзям. Але аднойчы, калі маладая аўчарка на ашыйніку і павадку ляжала ля ног мужа Валянціны Казіміраўны падчас выгулу, да іх падышоў нарад міліцыі і зрабіў заўвагу за адсутнасць намордніка. А яшчэ праз нейкі час у дзверы пенсіянераў пазваніў участковы і аб’явіў, што на іх складзены пратакол аб адміністратыйным парушэнні.

На гэта Валянціна Казіміраўна ўжо нічога адказаць не змагла. Толькі сядзела і плакала, пакуль міліцыянер запаўняў пратакол апытання. Па яе паняццях пра справядлівасць перад штрафам павінна быць папярэджанне. Па яе паняццях пра справядлівасць, за міласэрнасць увогуле не павінна быць штрафаў.

І нават падбадзёрванні валанцёраў, што дзяржава цяпер штрафуе ўсіх, абы залатаць дзіркі ў бюджэце, яе не суцяшалі. Бо гэта ўсё роўна не ўмяшчалася ў яе паняцці аб справядлівасці і міласэрнасці.

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ