Святары, што разрываюць шаблон



Мы з мужам у лёгкім шоку. З намі толькі што па-беларуску гаварыў праваслаўны святар. Я думаю, каб вы жылі ў Берасці, вы таксама былі б у шоку. Тут няма ніводнай праваслаўнай царквы, дзе б служба вялася на беларускай мове, няма нават істотнага свецкага моўнага асяродку, мову не ведаюць нават школьнікі, і тут раптам святар, якому яшчэ Кацярына ІІ завяшчала русіфікаваць наш край, праяўляе сябе як беларусафіл.

У паўсядзённым жыцці і на працы бацюшка, канешне, рускамоўны. Мой муж, які пазнаёміўся з ім па справе, такім яго і ведаў ды не падазраваў пра схаваныя прыхільнасці божага служкі, пакуль на мужаў тэлефон не пазваніла я. Яны якраз у той момант былі побач, і святар пачуў, як мой для свету рускамоўны муж па-беларуску просіць мяне пачакаць пару хвілін. Святар з цікавасцю перапытаў: “У вас беларускамоўная жонка?”. На тым яны і развіталіся, але нечакана супольныя справы з’явіліся зноў, святар пазваніў мужу і перайшоў на беларускую мову.

Чаму я здзіўляюся гэтаму бяскрыўднаму факту? Таму што, як і вы, прывыкла, што ў праваслаўнай царкве няма месца нічому беларускаму. Ні беларускаму календару, які я ў мінулым годзе так шукала для бабулі, ні тым больш жывому беларускаму слову. Гэта стала адной з прычын, чаму я туды больш не хаджу. Усім кіруе рынкавая схема попыту і прапановы. На мой попыт няма ніводнай прапановы.

Калі мае знаёмыя захацелі пахрысціць па-беларуску ў праваслаўнай царкве сына, з гэтага выйшла цэлая трагікамедыя. Я не ведаю, як доўга яны шукалі бацюшку, што пагодзіцца на такую авантуру, але я чула, якія размовы той бацюшка вёў з бацькамі. Пытаў, чаму сына назвалі Кастусь, ці не ў гонар Каліноўскага, бо калі ў гонар, то гэта вельмі дрэнна – Каліноўскі, як вядома папу, вешаў праваслаўных святароў. Палічыў патрэбным бацюшка пацікавіцца таксама, ці не былі бацькі Кастуся на плошчы ў снежні 2010 года. Яны не былі, і застаецца гадаць, ці хрысціў бы бацюшка іх сына, калі б атрымаў іншы адказ. Пасля гадзіны такіх змястоўных размоў, калі дзеці ўжо разрываліся ад плачу, святар нарэшце пачаў абрад. Чытаў кананічны беларускамоўны тэкст з паперы, і ад гэтага мучыліся ўсе – і ён сам, чый язык увесь час спатыкаўся аб неўласцівыя нашай мове словы і звароты (пераклад быў бяздарны!), і мы, чые вушы проста зварочваліся ў трубачку.

Другі мой знаёмы намагаўся купіць у кіёску ля праваслаўнай царквы беларускую кнігу. На прылаўку самастойна не знайшоў, таму спытаў наўпрост у прадавачкі. Атрымаў вычарпальны адказ: “У нас РУСКАЯ праваслаўная царква”. Маўляў, прычым тут ваша беларуская мова?

І вось менавіта таму, што тут руская правслаўная царква, мы так здзіўляемся нечаканым праявам у ёй беларускасці. Калі па-беларуску загаворваюць у такой строгай іерархічнай установе, лічы вайсковай, гэта не проста камунікацыя. Гэта грамадзянскі пратэст, бунт на караблі. І не зняць капялюш перад гэтымі мужнымі духоўнікамі немагчыма.

Калі б іх было больш, заставаліся б у царкве і тыя беларусы, для якіх унутраная і знешняя незалежнасць – не пустыя словы.

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ