Тупасць – нашая візітоўка



Давялося пабыць сведкай правозу ў Рэспубліку Беларусь купленай у Еўропе машыны. Той яшчэ цырк.

Як выглядае працэдура размытавання. Да машыны падыходзіць мытнік, які звярае тавар з апісаннем у дакументах і правярае дату вырабу кузава – гэтая дата сведчыць аб прыблізнай даце вырабу ўсяго аўтамабіля. Калі дата ранейшая, чым тая, што пазначана ў дакументах, то пры налічванні падатку паставяць ранейшую. На мяжы вам усё роўна, а вось калі захочаце памяняць машыну, то будзеце прадаваць яе як старэйшую. Розніца ў кошце будзе адпаведная.

Але бывае, што мытнікі і падмаложваюць машыны. У такім выпадку яны закрываюць вочы на рэальную дату вытворчасці і ставяць дату першай рэгістрацыі. Такім чынам, калі машына старэйшая за 3 гады, але зарэгістравана пазней, то за яе трэба заплаціць больш як палову ад вартасці.

Даказаць, што мытнікі памыляюцца, тэарэтычна можна, узяўшы даведку ў афіцыйнага дылера аўтамаркі. Але, самі разумееце, на мяжы ніякую даведку не возьмеш. Таму шаноўныя работнікі мяжы прапануюць вам або заязджаць у краіну пад канвоем, за які трэба будзе заплаціць, або размыціць аўтамабіль пасля працэдуры ўнутранага агляду, які праводзіцца на абмежаванай колькасці мытных пунктаў. Там зноў прыдзецца заплаціць, і сумы выскокваюць немалыя. Такім чынам, “сумненні” мытніка ў даце вырабу аўтамабіля прыносяць дзяржаўнай скарбонцы добрыя дывідэнды. А мытнік сумняваецца ўвесь час.

Ёсць і яшчэ адзін камічны момант вызначэння даты вытворчасці аўтамабіля. Ёсць сайт, які не мае ніякага дачынення ні да дзяржаўных органаў, ні да аўтавытворцаў, на які некаторыя канцэрны закідваюць інфармацыю пра машыны. Вы ўводзіце серыйны нумар аўтамабіля, і рэсурс выдае дату яго выпуску. Добрая цацка, але не для дзяржаўнай мытні ж! Бо праверыць адпаведнасць дадзеных немагчыма.

Па-другое, пошліны на ўвоз аўтамабіляў у нас проста шалёныя, часта перавышаюць кошты саміх патрыманых машын. З якой гэта радасці Мытны саюз і Беларусь у яго складзе вырашылі так нажывацца на людзях, зразумець цяжка. Ясна, што ва ўсіх краінах аберагаюць сваіх вытворцаў, а імпарцёраў  душаць падаткамі. Але вытворцаў аўтамабіляў у нас няма, і абараняць няма каго. Разам з тым людзям хочацца ў 21 стагоддзі мець сродак перасоўвання, і на гэтым жаданні можна нядрэнна пагрэць рукі як бюджэту, так і людзям, што ля гэтай кармушкі харчуюцца.

Яшчэ ўспомніўся той выпадак, калі мытня пусціла ў нашу краіну японскія выставачныя аўтамабілі, а назад не выпусціла. І яшчэ шмат якія выпадкі. Калі б гэта былі анекдоты, было б смешна. Але гэта не анекдоты, і нават не цырк. Гэтая тупасць і сквапнасць мытні – першае, з чым сутыкаюцца замежнікі. Яны – нашая візітоўка.

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ