За лічбай чалавека не бачна



Дзелавая дзяўчына ў акенцы польскага консульства адмовілася ўзяць у мяне дакументы на шэнгенскую візу. У анкеце яна знайшла страшную памылку – прапушчаную лічбу ў маім ідэнтыфікацыйным нумары. Дзяўчына спачатку лічбу паставіла, прабеглася вачыма далей, спытала: “Вы самі запаўнялі анкету?” і вярнула мне дакументы. Памылка ў асабістых дадзеных – самае страшнае, што можа быць для заяўніка, таму з-за адной лічбы мяне адправілі на перарэгістрацыю.

Перада мной нейкай дзяўчыне таксама вярнулі дакументы – у яе не было даведкі з працы. Але, відаць, няпоўны пакет дакументаў у шкале грахоў, прынятай у польскім консульстве, знаходзіцца ніжэй за абдрукоўку, таму дзяўчыну амаль памілавалі. Усяго толькі прапанавалі да 13.45 наступнага дня прывезці з роднага Іванава неабходны дакумент. Тое самае прапанавалі мужчыне, які рабіў візу дзіцяці ды не прынёс завераны ў натарыуса дазвол на выезд.

Мне ж не прапанавалі нават перарабіць анкету (бланкі ёсць на сайце консульства) і прынесці ў зададзены тэрмін папраўленую. Адна лічба – і ты выходзіш з консульства, як пабіты сабака, і толькі думка, што хоць адбіткі не прыйшлося здаваць, неяк ратуе настрой ад поўнай фрустрацыі.

Гэта, канешне, не страшна. Ніхто не памёр і нават не захварэў. Можна зарэгістраваца па-новаму. Вось толькі… навошта? – з’яўляецца адразу думка. Ці так мне ўжо неабходна наведванне краіны ці нават групы краін, дзе бюракратыя запаланіла ўсе сферы жыцця? Галоўнае ж для падачы візы – правільна ўсё запоўніць, а зусім не мець у краіне прыбыцця сапраўдную мэту паездкі.

Стоячы ў доўгай чарзе перад консульствам, цяжка не бачыць, што ўнутры будынка да нас ставяцца не лепш, чым у нашай уласнай краіне – з той, праўда, розніцай, што на сваіх чыноўнікаў мы можам камусьці паскардзіцца ці хоць пакачаць правы. Сотні людзей штодзённа стаяць перад брамай, але ніхто так і не дадумаўся паставіць для іх хоць некалькі лавак, хаця б для старых і дзяцей. Самыя адважныя і стомленыя звычайна сядаюць проста на каменныя бардзюры клумбаў. Перад галоўным прыярытэтам – атрыманнем візу ў Еўропу – адступае нават клопат пра сваё здароўе.

Перад тым жа прыярытэтам адступае і гонар, таму мы не надта наракаем, што ахоўнікі трасуць нашы сумкі, прымушаюць адключаць тэлефоны і проста ўсяляк дэманструюць, што мы ў гэтым будынку – адны з тысяч, а таму нічога не значым.

З нядаўняга часу мы яшчэ з гатоўнасцю кладзем пальцы на сканэр. Проста таму, што час ад часу хочам браць глыток свабоды, хоць свабода гэтая – тая яшчэ ілюзія. Якая можа быць свабода, калі адна лічба вырашае яе лёс? Якая можа быць свабода, калі такое простае дзеянне, як анлайн-рэгістрацыя, стала аб’ектам вялікага і несумленнага гандлю, і мноства прынцыповых людзей, якіх я ведаю, адмаўляюцца ўдзельнічаць у такой гульні. Лепш не мець візы, вырашаюць яны, чым плаціць за паветра фірмам-пасярэднікам. І яны, несумненна, маюць рацыю.

Калі-небудзь я пэўна ж зайду на сайт консульства зноў. Але заўсёды буду памятаць, што для консулаў я нуль без палачкі. Значэнне маюць толькі літары і лічбы ў бланку, на запаўненне якога даецца сціслы прамежак часу. Натуральны адбор, так бы мовіць.

Вы яго прайшлі?

Іна Хоміч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ