Да пабачэння!



Паўгады я ўглядалася ў тэлевізійны экран. Паўгады я шукала там вобраз Беларусі, у якой хочацца жыць. Я спадзявалася, што БТ намалюе мне такую краіну, у якую я закахаюся канчаткова. Спадзявалася, што мяне спакусяць, што мяне прывабяць. Але пэўна я глядзела нешта не тое. Бо сёння, калі у праграме «Месца для прэсы» гучыць мой голас, мяне ўжо няма ў краіне. Я з’ехала у іншую, вучыцца.

І не тое, каб БТ дрэнна спрацавала. Яны рабілі ўсё, што маглі. За гэтыя месяцы яны спрабавалі зачараваць мяне Штогадовым пасланнем прэзідэнта. Урачыста распавядалі пра дзяржаўныя святы, што павінны былі аб’яднаць мяне з усёй краінай. Заклікалі мяне ганарыцца нашымі спартовымі дасягненнямі і Чэмпіянатам свету па хакеі. Яны дакладалі мне пра кожны кілаграм збожжа, сабраны на палях, намякалі, маўляў, заставайся, у нас з голаду не памрэш. А пасля расейскіх санкцый у нас, як вядома, увогуле Кландайк. БТ пужала мяне смерчамі, павадкамі ды землятрусамі за мяжой – і гэта ў той час, калі ў Беларусі усё стабільна. БТ зрабіла ўсё магчымае. Чаму ж я, няўдзячная, спакавала чамаданы ды павезла іх у замежны універсітэт?

Таму, што які б прывабны вобраз Беларусі ні малявала тэлебачанне, мы жывём не ў малюнку. Што б ні казаў прэзідэнт у прамовах, мы жывём не ўнутры яго словаў. Якія б святы ні адзначаліся, за імі прыходзяць звычайныя працоўныя дні. І акрамя спорту ў краіне павінны развівацца эканоміка, навука і культура, павінна не тое што развівацца, а хай сабе проста быць палітычнае жыццё. Павінна быць магчымасць рэалізоўваць не толькі патрэбу есці, але а шмат больш складаных. Ды й за мяжой адбываюцца не толькі землятрусы.

Таму да пабачэння, сябры. І бывай БТ, якое столькі высілкаў укладае, каб намаляваць нам прыгожы вобраз Беларусі. Калі б гэтую энергію накіраваць не на вобраз, а на ўпрыгожванне самой краіны… Але гэта ўжо, відаць, рабіць нам самім, без тэлебачання. А каб зрабіць гэта добра, трэба быць разумным чалавекам, трэба вучыцца. А каб атрымаць добрую адукацыю, сёння, на жаль, з краіны трэба з’язджаць. А пазней – вяртацца. І ствараць сваю краіну. Такую, каб БТ у яго сённяшнім фармаце стала непатрэбным, то бок каб не трэба было ўпрыгожваць вобраз нашай Беларусі.

Да пабачэння, сябры! І – нечаканая парада – глядзіце БТ, бо яно ўсё ж такі натхняе на лепшае, хаця і зусім не тым чынам, якім планавалася.

Ірына Лапцік
Беларускае Радыё РАЦЫЯ