Эскалацыя канфлікту як вынік перамоваў



Кожны тыдзень я ўглядаюся ў тэлевізійны экран. Я шукаю там Беларусь, у якой хочацца жыць. Кожны дзень я прачынаюся з думкай, ці не пачалася Трэцяя сусветная. І кожны дзень БТ спрабуе мяне супакоіць чымсьці прыемным.

«У Глыбокскім раёне паказваюць кіно для душы», а «Пад Менскам можа з’явіцца беларускі Дыснейлэнд». І калі кажуць пра нейкія пагрозы, дык толькі такія: «Чысціні сталіцы пагражае поліэтылен». Як жах, нам пагражае поліэтылен! А пра што яшчэ клапаціцца?

Ну так, ёсць крыху праблем у суседзяў. Але ж мы імкнёмся дапамагчы – хто, як не стабільная Беларусь можа ўсё выправіць! Увесь пачатак тыдня толькі пра гэта і распавядалі: «Сёння Менск стане сталіцай сусветнай палітыкі». «Для ўрэгулявання ўкраінскага пытання прыбылі прэзідэнты зацікаўленых краін і прадстаўнікі Еўразвязу». «Беларуская сталіца ўпершыню ў гісторыі стала пляцоўкай для дыялогу двух найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднанняў на такім высокім узроўні». «Сустрэча ў Менску – гэта магчымасць, якую нельга згубіць» – натхнённа цытуе БТ Высокага прадстаўніка ЕЗ Кэтрын Эштан. І ў рэшце рэшт з’яўляецца навіна з назвай у стылі савецкіх плакатаў: «Не дапусціць эскалацыі канфлікту ва Украіне і прадухіліць гуманітарную катастрофу!»

Не ведаю, ці былі людзі, якія шмат чакалі ад гэтай сустрэчы. Калі былі – віншую іх і зайздрошчу, бо ніколі не мела таленту да такога звышчалавечага аптымізму.

Адзіны чалавек, на якога было прыемна глядзець падчас Менскага саміту – гэта наш прэзідэнт. Такі знаёмы, яго твар выглядаў надзвычай шчаслівым. І хай сабе Пуцін ўжо паспеў схапіць нас за руку, адклеіўшы этыкетку з «беларускіх» мідый. Пуцін жа сказаў «але яны імкнуцца выправіць». Значыцца, ўсё добра, можна працягваць клеіць этыкеткі, гандляваць мідыямі і імкнуцца выправіць далей. А вось тое, што па жаданню расейскага прэзідэнта ганарлівыя прадстаўнікі ЕЗ усё ж такі сядзяць за адным сталом з «апошнім дыктарам» – гэта не можа не ўзняць настрой. Ды й у краіне стабільнасць, і Коля расце – чаму б не радавацца?

«Сустрэча прэзідэнтаў краін Мытнага звяза, Украіны і высокіх прадстаўнікоў Еўразвязу стала знакавай падзеяй. Як адзначылі эксперты, дзень 26 жніўня стаў пераломным момантам, адпраўной кропкай новай еўрапейскай палітыкі» – падтрымлівае аптымізм беларусаў БТ.

Ці стаў? Усе бакі прадэкларавалі, што не хочуць вайны. Нечакана было б, каб яны прадэкларавалі зваротнае. То бок гэта агульныя словы. А вось па сутнасці, Расея ізноў адмовілася размаўляць пра мірнае вырашэнне, з той нагоды, што «не з’яўляецца адной і бакоў канфлікту». Адмова размаўляць – які выдатны старт новай еўрапейскай палітыкі, які поспех беларускай дыпламатыі!

Але момант можа стаць пераломным. Бо пасля Менскага саміту Кіеў афіцыйна заяўляе пра ўварванне на тэрыторыю Украіны расійскіх войскаў. Яцэнюк прапануе склікаць тэрміновае пасяджэнне Савета бяспекі ААН. Здаецца, надзея вырашыць пытанне без вайны засталася з намі, у Менску, у стабільнай Беларусі, дзе БТ працягвае рапартаваць «Сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны пройдзе ў бліжэйшы час».

Ірына Лапцік
Беларускае Радыё РАЦЫЯ