15 мільёнаў беларусаў



Насамрэч цяпер у Беларусі жыве ўсяго толькі 9 мільёнаў 495 тысячаў. З пачатку года нас стала меней на 9 тысячаў. Аднак улады гавораць, што трэба стымуляваць нараджальнасць, каб павялічыць колькасць людзей ажно да 15 мільёнаў. А можа нават і да 20. І паралельна з такімі заявамі скасоўваюць зону Палескага дзяржаўнага радыяцыйнага запаведніка. Такое адчуванне, што павышаць нараджальнасць людзей у Беларусі вырашылі з дапамогай радыяцыі. Гэта, відаць, нейкія новыя распрацоўкі беларускай навукі. Бо як яшчэ, прадаючы для свайго народу радыеактыўную прадукцыю, можна павялічыць колькасць насельніцтва.

Раней мы думалі, што радыеактыўная прадукцыя толькі шкоду наносіць арганізму. Раней мы думалі, што на забруджаных радыяцыяй тэрыяторыях чыстай прадукцыі вырасці не можа. Аднак віцэ-прэм’ер Русы запэўнівае ў адваротным. “Мы навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую прадукцыю праз абарончыя меры”, — заявіў віцэ-прэм’ер. Цікава, сам Русы з кампаніяй гэтую чыстую прадукцыю з радыеактыўнай зоны есць?

Вось паямо такіх чыстых прадуктаў з былога Палескага дзяржаўнага радыяцыйнага запаведніка – адразу пачнем дзяцей нараджаць. Прычым з такой інтэнсіўнасцю, што ўжо ў наступнай пяцігодцы нас стане 15 мільёнаў.  Што праўда, як бы пасля лікідацыі радыяцыйнага запаведніка беларусы наадварот не пачалі выміраць, як маманты.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ