Ахі-страхі



Дай некаторым свабоду, а яны заныюць: “А яно нам трэба?”. Нешта здарылася з нашай медыцынай: Міністэрства аховы здароўя гады ў рады пайшло на смелы крок у кірунку таго, каб нашыя радзільні перасталі нагадваць турмы. У Беларусі дазволілі сваякам наведваць парадзіх. І які тут гармідар узняўся: ай-яй-яй, ой-ёй-ёй, гэта ж катастрофа, бо цяпер натоўпы сваякоў паселяцца ў палатах, дзе і так па пяць парадзіх разам з дзецьмі ляжаць. Прычым, калі пачытаць каментары, усе гэтыя наведнікі чамусьці будуць п’янымі, хворымі ды неадэкватнымі.

Каментары пад матэрыяламі пра новаўвядзенне Міністэрства аховы здароўя можна смела друкаваць пад назвай “Страшылкі”. Самае галоўнае, чаго баяцца такія каментатары – гэта вірусы і інфекцыі. Такое адчуванне, што некаторыя ў дзяцінстве перачыталіся аповедаў пра “жоўты тульпан” ці “чорную руку” – і цяпер, у дарослым жыцці перанеслі свае страхі на вірусы. Можна падумаць, што медыкі, якія ходзяць дадому і жывуць па-за радзільняй сваім жыццём, праходзяць пры ўваходзе ў бальніцу стэрылізацыю. Іх, відаць, доўга кіпяцяць, каб пазбавіць усіх мікраарганізмаў. І толькі потым пускаюць да парадзіх. Другі пункт, чаго баяцца некаторыя панікёры, – гэта тое, што чужыя мужыкі ўбачаць, як яны кормяць дзяцей. Такое адчуванне, што гэтыя мужыкі акурат пойдуць у бальніцу, каб глядзець на чужых жонак. І трэцяе, чаго баяцца некаторыя беларусы, што наведнікі ў радзільнях усе будуць п’янымі. Так і хочацца задацца пытаннем: у нас што ўсе вакол алкаголікі?

А ўвогуле, канешне, лягчэй, каб было, як за савецкімі часамі: жанчына нараджае, а астатнія святкуюць з гарэлкай. Куды цяжэй прыйсці і абняць жонку пасля родаў. Ну, і да таго ж, падаецца, гаварыць мы не развучыліся: заўжды можна папрасіць сваякоў выйсці ды дамовіцца з іншымі парадзіхамі пра гадзіны візітаў. Большасць людзей вакол усё ж такі адэкватныя, а не алкаголікі з наборам страшэнных смяротна небяспечных хваробаў.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ