Чаму ўлады не ўшаноўваюць Каліноўскага?



У Вільні, імаверна, знайшлі парэшткі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Але з боку афіцыйнага Менска — цішыня. Дзе стварэнне адмысловай урадавай камісіі? Ці адпраўленыя беларускія адмыслоўцы на археалагічныя раскопкі? Дзе дамовы пра перапахаванне і ўшанаванне беларускага героя? Такое адчуванне, што ў нас такіх Каліноўскіх — тысячы. Нібыта і не было ніякага Каліноўскага і вызвольнага паўстання ў 1863 годзе. Нібыта лідара інсургентаў не забілі гвалтоўна. Нібыта ягонае цела таемна не пахавалі і не засыпалі вапнай. Нібыта карнікі не зрабілі на магілах паўстанцаў поле для гульні ў крыкет.

Заходзіш на галоўны афіцыйны партал БелТА, а там пра што толькі не пішуць: і пра тое, што росту цэн на прадукты не будзе, і пра тое, каму дастанецца сотая машына ад аднаго гіпермаркета і як пакупнікі гэтага гіпермаркета паляцелі на Кіпр. І ні слова няма пра Каліноўскага. Ніводны эксперт слова не выказаў пра тое, што знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага. І наколькі гэтага знакава і важна для Беларусі. Замест гэтага — развагі пра тое, што БРСМ дапамагае забяспечыць развіццё кожнай асобы. Пра тое, для чаго ў Беларусі праводзіць чэкавыя латарэі і пра важнасць правядзення асабістых прыёмаў у рэгіёнах.

А ў дадатак да ўсяго ў школах адмянілі вывучэнне „Мужыцкай праўды”. Вось так у нас пра сапраўднага героя — ні слова на афіцыйным узроўні. Але сімвалічна, што парэшткі Кастуся Каліноўскага, які пісаў не самыя прыемныя словы пра ўсходняга брата, акурат знайшлі тады, калі ў Беларусі праводзяцца беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ