Гарады, якім не пашанцавала з назвай



Горада Астана цяпер не існуе. Школьнікам трэба тэрмінова перавучваць назву сталіцы Казахстана. А ўсё таму, што Астану афіцыйна перайменавалі. Дэпутаты сената і мажыліса практычна адзінагалосна падтрымалі прапанову новага прэзідэнта Казахстана назваць сталіцу ў гонар экс-кіраўніка Нурсултана Назарбаева. І цяпер Астана стала Нурсултанам. Хаця чаго здзіўляцца: вунь у нас у далёкім 1932 годзе Койданава перайменавалі ў Дзяржынск. І гэтая назва ў гонар старшыні ГПУ Фелікса Эдмундавіча існуе і дагэтуль. І нягледзячы на, мякка кажучы, не самыя маральныя якасці асобы Дзяржынскага, вяртаць назад гістарычную назву Койданава не спяшаюцца. Так што Нурсултан – гэта яшчэ не самы горшы варыянт у параўнанні з Дзяржынскам. Назарбаеў прынамсі старшынём папярэдніка КДБ не быў.

А ўвогуле ці даўно ўсе называлі Піцер Ленінградам? Гарадоў, якім не пашанцавала з назвай, на постсавецкай прасторы – процьма. Напрыклад, горад Набярэжныя Чалны ў васьмідзясятыя называўся Брэжневым. А горад Рыбінск прыкладна ў гэтыя ж часы называўся Андропавым. Уяўляеце, як раней на чыгуначнай станцыі гучала абвяшчэнне адпаведнага цягніка: “Цягнік Брэжнеў-Андропаў адправіцца з першага пуці, просьба пасажыраў заняць свае месцы”.

Вось цікава, чаму, да прыкладу, Елізавета ІІ не прапаноўвае Лондан перайменаваць у які-небудзь Елізавецінск. Ці прэзідэнт Францыі не ініцыюе перайменаванне Парыжа ў Макрон. Затое на постсавецкай прасторы гэта звыклая з’ява.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ