„Геніяльная” акцыя афіцыйных прафсаюзаў



Беларускія афіцыйныя прафсаюзы займаюцца чым заўгодна, толькі не тым, чым мусяць займацца. Вось нядаўна яны пачалі збіраць дальнамеры і цеплавізары для жыхароў Данбасу. У вас дома няма дальнамераў і цеплавізараў? Вы нават не ведаеце, што гэта такое? А вось у жыхароў Данбасу, дзякуючы афіцыйнаму прафсаюзу „Беларуськалія”, цяпер будзе.

Беларускія прафсаюзы звычайна болей нагадваюць турыстычныя агенцыі. Яны размяркоўваюць пуцёўкі са зніжкамі сярод супрацоўнікаў. Аплочваюць квіткі на канцэрт якой-небудзь Дарафеевай. Ці арганізоўваюць конкурсы для дзяцей сваіх сябраў. У прынцыпе, усё гэта было б і нічога. Кожная грамадская арганізацыя сама вырашае, на якія праекты накіраваць свае сродкі. Толькі афіцыйныя прафсаюзы не займаюцца сваёй галоўнай задачай: абаронай правоў працоўных. Як толькі трэба стаць на абарону таго, чые правы рэальна парушаюцца, яны, як тыя страусы, хаваюць галовы ў пясок.

Ёсць такі выраз: часам лепей маўчаць, чым гаварыць. Так і з беларускімі афіцыйнымі прафсаюзамі. Лепей бы яны, як і раней, займаліся размеркаваннем пуцёвак. Дык не, вырашылі яны выявіць салідарнасць з абаронцамі Данбасу. Як вы здагадаліся, салідарнасць будзе не з украінскай арміяй. Нейкая расейская арганізацыя „Сваіх не кідаем” звярнулася да афіцыйнага прафсаюзу „Беларуськалія” з просьбай дапамагчы жыхарам і абаронцам Данбасу. Наўрад ці расейская арганізацыя будзе прасіць дапамагчы „бендеровцам”. Хаця чым бог не жартуе! Сярод неабходных рэчаў, акрамя вопраткі, – амуніцыя, прыцэлы дальняга бачання, дальнамеры і цеплавізары. Жыхары Данбасу, відаць, аніяк не могуць пражыць без дальнамераў і цеплавізараў. Вось раней жылі, а цяпер гэта больш неабходная рэч, чым вада і хлеб.

Дальнамер, калі хто не ведае, – гэта ўладкаванне для вызначэння адлегласці да аб’екта. Выкарыстоўваецца як для геадэзіі, так і для вайсковых патрэбаў. Але жыхарам і так званым абаронцам Данбасу гэтае прыстасаванне, канешне, спатрэбіцца не для вайсковых патрэбаў. Яны, відаць, вырашылі масава дамы будаваць: вось ім для геадэзіі дальнамеры і спатрэбяцца.

А ўвогуле, лепей бы афійцыйны прафсаюз „Беларуськалія” дыстанцыяваўся ад дапамогі і сумнеўным расейскім арганізацыям, і так званым абаронцам Данбасу. Нездарма ж псеўдаапалчэнцаў ва ўсім свеце лічаць ледзь не тэрарыстамі. І дапамога такім людзям – гэта ўсё ж такі не размеркаванне пуцёвак сярод супрацоўнікаў. Потым не адмыешся.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ