Камуністычны трэш



Трэшу зашмат не бывае. У беларускім горадзе Лунінец адміністрацыя аднаго прадпрыемства вырашыла навесці парадак на прылеглай тэрыторыі. Усё б нічога, але побач з заводам стаіць з савецкіх часоў бюст правадыра бальшавіцкага перавароту Уладзіміра Леніна. І бюст той, трэба сказаць, з часам пачаў паступова разбурацца. І вось напярэдадні Вялікадня дырэкцыя таго завода загадала супрацоўнікам нешта зрабіць з Ільічом. Выканаўцы доўга рэпу не чухалі, да рэстаўратараў і прафесійных мастакоў не звярталіся. Знайшлі дзесьці ў падвалах рэшткі фарбы карычневага, чорнага, белага і жаўтаватага колераў, якія, відаць, захоўваліся ў акамянелым выглядзе ў трохлітровых слоіках без патрэбы яшчэ з часоў Андропава. Але ў ХХІ стагоддзі пра тую фарбу ўзгадалі. Яна якраз спатрэбілася, каб зрабіць Ільічу макіяж. У выніку, лунінецкі Ленін стаў падобным на нешта сярэдняе паміж антрапаморфным чупа-чупсам і расейскім поп-спеваком Стасам Міхайлавым. Пасля гігабайтаў рогату і сцёбу над гэтым узорам пошласці ў Інтэрнэце лунінецкі Ленін быў зноў перафарбаваны. Але ўжо ў больш сучасную і статусную бронзавую фарбу.

Уся гэтая катавасія з перафарбоўкамі Леніна ў Лунінцы паказвае, што прадстаўнікі так званых уладаў насамрэч прыслухоўваюцца да народнай крытыкі. І ў глыбіні душы разумеюць, што робяць “нешта не так”. Іначай яны не перафарбоўвалі б бясконца метрасэксуала Леніна ў бронзу. Спробы цяперашніх вертыкальшчыкаў шанаваць памяць камуністычных балванаў выглядаюць сама меней непераканаўчымі, а ў некаторых выпадках відавочна памылковымі. Як, напрыклад, тое здарылася ў Гародні, дзе нейкі разумнік даўмеўся напярэдадні самага вялікага хрысціянскага свята высадзіць каля касцёла, на схілах гары, кусты, якія б утваралі назву Ленінскага раёна. Пасля абурэння вернікаў і пачатку збору подпісаў улады ўключылі заднюю перадачу.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ