Музей класіка, на якога не знайшлося фінансаў



Скажыце, вы чытаеце газету “Светлае жыццё”? А апавяданні Васіля Быкава? Большасці беларусаў назва “Светлае жыццё” нічога не гаворыць. А вось “Знак бяды”, “Альпійская балада”, “Аблава”, “Кар’ер” – гэтыя назвы твораў многія чулі. І не толькі чулі, але і чыталі. Аднак чамусьці грошы на “Светлае жыццё” ёсць, а на музей Быкава – не.

У Гародні закрылі музея Васіля Быкава, які праіснаваў 20 гадоў. Там былі кнігі пісьменніка, ягоныя асабістыя рэчы, здымкі. Як распавяла былы бухгалтар, музей закрылі, паколькі не было чым плаціць за камуналку і арэнду. Калі вы думаеце, што гаворка ідзе пра нейкія касмічныя кошты, то вы памыляецеся. 90 рублёў у месяц за невялічкі пакойчык у 15 квадратных метраў. То бок у год выходзіць трошкі болей за тысячу рублёў. Улады, нягледзячы на просьбу, фінансавую дапамогу музею не аказалі. І вынік гэтай сумнай гісторыі – адсутнасць музея Быкава ў Гародні. Цяпер там будзе толькі экспазіцыя Быкава, якая размесціцца ў музеі Багдановіча. А цяпер заканамернае пытанне. Некалькі гадоў таму некаторыя беларусы проста шалелі ад таго, што ва Украіне прыбіраюць помнікі Леніну. Маўляў, гэта нашая гісторыя. Аднак калі ў Гародні закрылі музей Быкава, то ў адказ – цішыня. І дзе ўсе гэтыя абаронцы? Чамусьці яны не крычаць пра гісторыю і не рвуць на сабе кашулю са словамі “Не аддам”.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ