Настаўніцкае прыгонніцтва



Усе сышлі на фронт. Засталіся толькі жанчыны. Прычым работніцы разумовай працы: настаўніцы, бібліятэкаркі, выхавацелькі. Бо менавіта іх – сейбітаў добрага, вечнага, мудрага – у добраахвотна-прымусовай форме папрасілі дапамагчы са сборам зерня. Іншых людзей у Мсціслаўскім раёне, відаць, не знайшлося. Куды падзеліся ўсе камбайнёры, кіроўцы ды чыноўнікі? Няўжо паехалі абараняць усходнія рубяжы нашай айчыны? Падаецца, усеагульнай мабілізацыі не было. Ці ўсе гэтыя будучыя ўдзельнікі “Дажынак” пачалі святкаваць збор ураджаю ўжо цяпер?

Карацей, настаўнікаў сельскіх школаў сабралі ў Мсціслаўскім райвыканкаме. У перыяд адпачынкаў, заўважце. Калі беларускія ўлады збіраюць у сябе кагосьці – то не дзеля таго, каб “дзякуй” сказаць. Альбо прэміі выдаць. Ці падарункі прэзентаваць. Чыноўнікі толькі сабе заробкі падвышаюць. А іншых калі склікаюць да сябе, то не для таго, каб на брудэршафт выпіць. Так здарылася і гэтым разам. Настаўнікаў сабралі. І паведамілі, што тыя мусяць адпрацаваць на бліжэйшых да іхных навучальных установах зернятоках. Ды не проста адпрацаваць, а весці ўлік у адмысловых журналах, колькі тонаў зерня, на якой машыне і куды накіравана. Ды больш за тое, калі нейкая машына падасца падазронай, то трэба, як той Шварцнегер, не даць ёй ехаць не ў той кірунак. І праца ўся гэтая будзе адбывацца ў тры змены: дзве дзённыя і адну начную. Начальнік аддзела адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама, праўда, падкрэсліў, што настаўнікаў працаваць на зернятоках не прымусілі, а папрасілі. Але вы ж самі ўсё разумееце: у нашай краіне калі просіць начальства, то паспрабуй на гэтую просьбу адказаць “не”.

І што вы думаеце, у справу адразу ўключыліся прафсаюзы? Яны абвясцілі ўсеагульны страйк? І прыстрашылі начальнікі аддзела адукацыі судом? Ага, зараз жа. Гэта толькі на варожым і гнілым Захадзе так можа быць. А ў нас: прафсаюзы займаюцца распаўсюдам пуцёвак. Ну, а настаўнікі? Што ўзяць з тых сельскіх настаўніц? Яны толькі на кухнях расейскія тэлеканалы могуць глядзець ды абурацца, як кепска жыць у Еўропе і ЗША. А потым абмяркоўваць гэтых страшэнных “бэндэраўцаў”. А ў нашай краіне… У нас жа усё добра. Падумаеш, ноччу на зернятоку папрацаваць задарма. Затое будзе пра што вучням распавесці 1 верасня. Маўляў, не на розных майданах трэба будучыню сваю адстойваць, а на зернятоку працаваць бясплатна на карысць нашай Радзімы. Ну, а тое, што хтосьці потым за сэканомленыя на чужым гарбе грошы прэмію атрымае. І за гэтую прэмію паедзе хаця б Турцыю – у пяцізоркавы гатэль адпачываць. Нашыя настаўнікі пра гэта не задумваюцца. Абы не было рэвалюцыяў. Часы лабановічаў мінулі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ