Небяспечны торцік



Берасцейскія актывісты спяклі торцік у выглядзе акумулятара і аднеслі яго для кіраўніцтва кампаніі “АйПаўэр”. Супрацоўнікі акумулятарнага прадпрыемства падарунка не зразумелі і выклікалі міліцыю. Сапраўды, а раптам там замест крэма нешта небяспечнае. Вось адчуваюць прадстаўнікі кампаніі, як іх па-сапраўднаму народ любіць. Яны ўсё запэўніваць берасцейцаў, што пабудаваны акумулятарны завод будзе экалагічным і суперсучасным, а ім не даюць веры.

А можа быць супрацоўнікі “АйПаўэр” проста селі на разгрузачныя дні пасля святаў, а ім тут цэлы торцік. Канешне, яны раззлаваліся. Любы галодны чалавек адчувае сябе злым. А тут ім цэлы торт падаравалі ў выглядзе акумулятара. Вось яны і раззлаваліся. Узгадайце сябе падчас дыеты.

Берасцейскія актывісты гавораць, што торцікам, на якім стаяла лічба адзінаццаць, яны хацелі звярнуць увагу, што абяцанае кіраўніцтвам прадпрыемства суперсучаснае абсталяванне састарэла. Маўляў, сертыфікат на некаторае завадское абсталяванне датаваны 2008 годам. А на дварэ ўсё-такі 2019 год. Вось берасцейскія актывісты і нагадалі пра ўзрост абсталявання торцікам.

Нейкая бяда з гэтым акумулятарным заводам. Тое ягоныя супрацоўнікі выклікаюць міліцыю на актывістаў з торцікам. А тое, як было некалькі тыдняў таму, забяруць касцюм ліса ў актывіста, які прысутнічаў на акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Кіраўніцтва прадпрыемства, відаць, так пераканае ў ягонай экалагічнасці, што нават лялек з тортамі лічыць небяспечнымі.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ