Падляшскі вірус беларушчыны



Беларускамоўны ў сучаснай Беларусі – гэта як чырвоная мулета падчас Карыды ў Іспаніі. Ты альбо забаўка на розных лубочных мерапрыемствах. Ну, напрыклад, сказаць “Вітаем, сардэчна” і падараваць хлеб з соллю розным гасцям. Альбо крыніца для нянавісці. “Разговаривайте на нормальном языке”, – так часам чуеш у свой бок.

У любым выпадку, вы не зможаце нармальна размаўляць па-беларуску на будоўлі, у буйных кампаніях, на пасадзе менеджараў і г.д. Раз беларускамоўны, то для вас пакідаюць толькі дзве сферы: альбо настаўнік беларускай мовы, альбо апазіцыянер. Іншага не дадзена. Многія не будуць разумець вас. А словы “камізэлька, світанак ці патэльня” будуць увогуле выклікаць злосць. Для беларускіх уладаў вы будзеце небяспечным элементам, які жыве толькі дзеля адзінага: прыбраць іх ад улады. Ну, альбо як мінімум – чалавекам, які хоча выдзяліцца, размаўляючы па-беларуску.

Яшчэ горш справа ідзе, калі вы беларускамоўны, але маеце пашпарт іншай краіны. То бок этнічны беларус. Гэтае спалучэнне яшчэ больш незразумелае для нашых уладаў. Для іх беларускамоўныя этнічныя беларусы – гэта штосьці вельмі небяспечнае. Як мінімум іх лічаць агентамі ЦРУ, Масаду і яшчэ некалькіх невядомых выведак у адной асобе. А як максімум волан-дэ-мортамі, якія валодаюць тайнымі чароўнымі здольнасцямі па пранікненні ў свядомасць іншых людзей… Карацей, вельмі небяспечнымі.

Некаторыя беларусы Падляшша вось ужо некалькі год не могуць патрапіць у Беларусь. Выключэнне складаюць беларусы, якія ходзяць з чырвона-зялёным сцягам і ведаюць, відаць, цяперашні беларускі гімн на памяць. Кансуляты пастаянна адмаўляюць у візах беларусам, якія жывуць па-за межамі нашай Сінявокай.  Асабліва тым, хто супрацоўнічае з Радыё Рацыя. Можа быць, беларускія ўлады баяцца, што супрацоўнікі Рацыі ў дыктафонах правязуць на вялікую зямлю вірус беларушчыны. Пасля чаго, усе ўвадначассе стануць беларускамоўнымі. І давядзецца тады і краіну дэмакратызаваць, і мяжу з Расеяй рабіць. Карацей, лепей перастрахавацца.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ