Пра аднабаковую інтэграцыю



60 беларускіх прапрыемстваў дагэтуль не могуць пастаўляць у Расею малочную і мясную прадукцыю. Але ўлады гавораць, што дасягнулі “жалезных” дамоўленасцяў з расейскім бокам. Чамусьці толькі гэтыя дамоўленасці не датычыцца мясамалочнай прадукцыі. Чымьсці не дагадзілі беларускія каровы і свінні расейскім уладам. Можа, яны баяцца, што беларускія рагулі і парсючкі будуць таксама пратэставаць супраць інтэграцыі.

Дарэчы, з гэтай інтэграцыяй так і не зразумела, а чым яна беларусам карысная? Мясамалочную прадукцыю і тую нельга пастаўляць у суседнюю краіну. Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Дворнік гаворыць, што для адпрацоўкі парадку ўводу і зняцця абмежаванняў на пастаўкі сельгаспрадукцыі Расеі і Беларусі можа спатрэбіцца паўгода. Але ж можа спатрэбіцца і болей. Хто дае гарантыі з боку Расеі? А ніхто. То-бок яны ад нас патрабуюць інтэграцыі, а ўзамен мы атрымліваем фігу з маслам. Хаця ў выпадку з Масквой гэта будзе нават без масла.

Не паспелі адпрацаваць парадак зняцця абмежаванняў на беларускае мяса і малако, як расейскі бок запатрабаваў стварэння адзінай нацыянальнай валюты. Штосьці падказвае, што валюта гэтая будзе не талеры, а расейскія рублі. І знаходзіцца эмісійны цэнтр будзе зусім не ў Менску. І мяса з малаком так жа сама будзе забаронена ўвозіць у Расею. Так што, ну яе, гэтую інтэграцыю.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ