Пра айці-утопію



Яшчэ ў мінулым стагоддзі Яўгеній Замяцін напісаў антыутопію “Мы”. Там уздымалася шмат актуальных праблем. Сярод іх малявалася грамадства, дзе няма гуманітарных навук. Прачытаўшы прапановы бізнесоўца Пракапені ў сферы адукацыі, чамусьці ўзгадваецца менавіта антыутопія “Мы”.

Літаральна на днях Віктар Пракапеня пабываў на сустрэчы ў саміведаецекаго. Пасля чаго на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў, што саміведаецехто сказаў, што ў адукацыі бардак і калі гэта не будзе выпраўлена, то з’явіцца новы міністар. Пасля чаго напісаў свае прапановы ў сферы адукацыі. Віктар Пракапеня – бізнесовец. Як сцвярджае інтэрнэт, мае ажно сем дыпломаў. І ўсё б добра, акрамя аднаго: ён не працаваў у школе і не мае педагагічнай адукацыі. Прынамсі, грамадству такіх фактаў невядома. І вось калі чалавек, які не ведае навучальны працэс знутры, пачынае даваць парады, то гэта выклікае падазрэнне.

Прапановы Віктара Пракапені ахопліваюць шырокі спектр: ад укаранення дыстанцыйнага навучання ў школах, абавязковага ўвядзення публікацыі сістэмы прэмій настаўнікаў да ўвядзення дамовы паміж школай і бацькамі. Плюс – гэта, канешне, прапанова аб падвышэнні заробкаў настаўнікаў. А вось што насцярожвае ў гэтых прапановах: там няма месца гуманітарным навукам. Ні слова пра беларускую мову, з якой у школах цяпер проста катастрафічнае становішча. Ні слова пра тое, што беларускамоўных школ мусіць быць болей. Ні слова пра беларускую літаратуру, пра тое, што даўно трэба ў школах прадмет “руская літаратура” замяніць на сусветную. Прапановы Пракапені ў сферы адукацыі – гэта ІТ і бізнес для школьнікаў. Складваецца ўражанне, што ўсё астатняе (хімія, біялогія, мовы, гісторыя) знаходзіцца па-за прыярытэтамі. Эх, беларускі навуковец Якуб Наркевіч-Ёдка, які першым стварыў правобраз радыё і які з’яўляўся адначасова фізікам, доктарам медыцыны ды атрымаў добрую музычную падрыхтоўку, у Віктара Пракапені не каціраваўся б.

І яшчэ што насцярожвае, дык гэта прапанова Віктара Пракапені ўвесці раннюю прафілізацыю і далучыць да гэтага кампаніі, зацікаўленыя ў выяўленні адораных дзяцей. Так і ўяўляецца карціна: на школьным ганку з хлебам і соллю сустракаюць дэлегацыю, якая потым, нібыта на кірмашы, будзе глядзець дзяцей. Такое адчуванне, што коней выбіраюць, а не маюць дачыненне са школьнікамі. Хаця нічога страшнага, калі гэтыя прапановы – дзеля таго, каб атрымаць лайкі ў Фэйсбуку. Аднак кепскія часы чакаюць адукацыю, калі ў хуткай будучыні міністрам адукацыі прызначаць Віктара Пракапеню.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ