Пра аўтарытарную страву пад дэмакратычным соўсам



Кіраўнічка Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына мяркуе, што ў Беларусі калі-небудзь пачнуць абіраць мэраў. Пачуўшы гэта, я ўжо падумала, што здарыўся  цуд: і Лідзія Міхайлаўна змянілася настолькі, што загаварыла пра той момант, калі кіраўнікоў гарадоў будуць выбіраць грамадзяне. А чым жа тады будзе займацца начальнік Лідзіі Міхайлаўны, які цяпер прыйзначае ўсіх старшыняў гар- і аблвыканкамаў? Мне ўжо захацелася паверыць, што Лідзія Міхайлаўна настолькі змянілася, што нарэшце падчас выбараў у нас правільна будуць лічыць галасы. Аднак я памылілася. Гаворка ідзе пра выбары кіраўнікоў сельскіх і пасялковых адміністрацыяў. То бок пра выбары тых, хто практычна ні на што не ўплывае.

Памятаеце фізічны закон захавання масы рэчываў: калі дзе станецца матэрыі, то памножыцца ў іншым месцы. Так і ў старшынькі ЦВК. Раз будуць выбірацца кіраўнікі сельскіх і пасялковых адміністрацыяў, то ўзамен Лідзія Міхайлаўна прапанавала адмяніць выбары сельскіх і пасялковых дэпутатаў. Лідзія Ярмошына прызналася, што выбіраць гэтых дэпутатаў няма сэнсу, паколькі яны выконваюць чыста дэкаратыўныя функцыі. Тут Лідзія Міхайлаўна нарэшце сказала праўду. Хаця так можна сказаць пра любых дэпутатаў у Беларусі. Дык вось, выбары і кіраўнікоў сельскіх і пасялковых адміністрацыяў, і дэпутатаў – гэта занадта, на думку Лідзіі Міхайлаўны. То-бок, як прызналася сама старшынька ЦВК, абраныя старшыні сельсаветаў будуць спалучаць і выканаўчую, і прадстаўнічую ўладу. То-бок, па-сутнасці Лідзія Ярмошына прапанавала адмяніць прынцып падзелу ўлады, прыбраць прадстаўнічыя органы, у выніку чаго выканаўчая ўлада будзе дамінаваць. У паліталогіі гэта акурат прыкметы аўтарытарнага рэжыму.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ