Пра „багатых дармаедаў”



Ёсць такая структура фразы: аксюмарон. Гэта калі спалучаюцца словы з супрацьлеглым значэннем. Напрыклад, жывы труп ці сумная радасць. А вось дзякуючы беларускім уладам з’явіўся аксюмарон з мясцовай стылістыкай: „багатыя дармаеды”. Падавалася, дармаед на тое і дармаед, каб у яго нічога не было. Паводле слоўнікаў, дармаед – гэта чалавек, які жыве за кошт іншага чалавека. То бок такі паразіт. А што паразіт можа мець? Толькі самае неабходнае для жыцця. Аднак беларускія ўлады вырашылі, што ў Беларусі ёсць багатыя дармаеды. А раз багатыя, то і плаціць яны будуць болей. У Сінявокай уводзіцца дадатковы падатак для багатых дармаедаў. Прычым выяўляць гэтых багатых дармаедаў будзе не абы-хто, а камп’ютарная праграма. Ну, добра, што не электравылічальная машына, ці, як яе называлі ў савецкія часы, ЭВМ. І на тым дзякуй. А магла б якая-небудзь 16-бітная „Іскра-226”, у якой аператыўнай памяці цэлых 128 КБ, вылічаць, хто з’яўляецца багатым дармаедам, а хто не. Каму плаціць дадатковы падатак, а каму не.

На думку беларускіх уладаў, багатыя дармаеды – гэта тыя, хто не працуе, але набывае кватэры, аўтамабілі, пуцёўкі на курорты ці вельмі шмат валюты. Пачытаеш усё гэтае апісанне і разумееш: дык гэта ж нашыя парламентары. Калі б у іх не было працоўных кніжак, дык дакладна б падыходзілі пад апісанне. Але для беларускіх уладаў дармаеды – гэта хатнія гаспадыні, фрылансеры ды розныя творчыя людзі. А калі ў іх маецца яшчэ і аўто (няхай гэта будзе старэнькае аўдзі), то ім даведзецца плаціць яшчэ адзін дадатковы падатак. То бок мужу хатняй гаспадыні давядзецца заплаіць калым за тое, што яна не працуе. А потым яшчэ дадатковы калым за тое, што яна дзіця забірае са школы на аўтамабілі. Ну, хто яшчэ сумняецца, што ў нас самая сацыяльна-арыентаваная краіна ў свеце?

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ