Пра беларускі лас-вегас



На двары – калядныя і навагоднія святы. А раз святы, то, значыцца, і гарады трэба ўпрыгожыць па-святочнаму. Аднак, як і варта чакаць, у Беларусі ўпрыгожанне вуліц пераўтварылася ў сапраўдную гігантаманію. Такое адчуванне, што калі арганізацыі і прадпрыемствы не паставяць самую вялікую ялінку і самых яркіх снегавікоў з малымі скульптурамі, якія гараць сотнямі лямпачак, то іх аштрафуе выканкам. Вось і атрымліваюцца не беларускія гарады, а нейкія лас-вегасы. Толькі з трошкі іншым фінансавым станам.

Спачатку яркаму святочнаму аздабленню вуліц радуешся. Аднак чым болей глядзіш, тым болей густу хочацца пабачыць. А вось гэтага густу акурат няма. Вось і атрымліваецца замест глінтвейну на калядных кірмашах – нешта з беларускага віна, якім зусім не хочацца псаваць сабе здароўе. Замест упрыгожанняў – агратрэш. А замест вертэпаў – нейкія незразумелыя скульптуры. І на фоне ўсяго гэтага практычна няма нічога беларускага. Ну, хоць бы тэкставае аздабленне зрабілі. Не кажучы пра музыку ці герояў.

І яшчэ пытанне: хто будзе за ўсё гэта плаціць? Ці не лепей было б зрабіць адну, але густоўную калядную кампазіцыю, куды б любілі прыходзіць гараджане і на якую б не было шкада грошай. А пакуль што – святочнае афармленне нагадвае спаборніцтвы: у каго болей лямпачак і вышэй ялінка.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ