Пра беларускую імперыю



На адным папулярным расейскім інтэрнэт-рэсурсе з’явіўся матэрыял «Разбіраюць па кавалках». Аўтар з гаваркім прозвішчам Гразеў абураецца, што краіны былога Савецкага Саюза маюць нейкія тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Расеі. Аднак самае цікавае, у артыкуле ўзгадваецца і Беларусь, некаторыя жыхары якой, толькі спяць і бачаць, як адцяпаць сабе кавалак Смаленскай ці Пскоўскай вобласці. Прачытаеш такое і ўяўляецца проста нейкая беларуская імперыя з тэрыторыяй ад мора да мора.

Беларусы любяць паўтараць: нам чужога не трэба. І так ёсць не толькі на словах, але і на практыцы. І пра гэта гавораць факты. Ці ваявала Беларусь апошнія 30 год? Не. Ці з’явіліся ў нас новыя тэрыторыі? Не. А цяпер паглядзім у бок нашай суседкі Расеі. Ці ваявала яна апошнія 30 год? Неаднаразова. Ці з’явіліся новыя тэрыторыі? Канешне. Адзін Крым чаго варты. Аднак расейскі аўтар Гразеў спрабуе пераканаць у тым, чаго няма. Кшталту, вы бачыце хлопчыка? Не. Але ён там ёсць. Нават Беларусь, па якой у мінулым часцяком любілі хадзіць суседзі туды-сюды, абвінавацілі ў тэрытарыяльных прэтэнзіях. Пакуль што, праўда, у жарт. Маўляў, усур’ёз гэтыя прэтэнзіі ніколі не агучваліся, бо добрыя стасункі. Але, палохае аўтар Гразеў, «нацыяналістычна скіраваная частка грамадства не забываецца на свае адвечныя прэтэнзіі на Смаленск». А часам, працягвае Гразеў, калі ўзнікаюць спрэчкі паміж Масквой і Менскам, пра прэтэнзіі жартуе і кіраўнік беларускай краіны. Што праўда, самі ведаеце хто далёка не Альгерд, які тройчы на Маскву хадзіў. Хутчэй наадварот. Але праўда Гразева не цікавіць. Яго цікавіць прапаганда. Тыпу: вакол усе ворагі і толькі прынцыповая пазіцыя Масквы не дазваляе ўсе гэтыя прэтэнзіі зрабіць рэальнасцю.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ