Пра белтаўскую справу



Не ведаю, як вы, а я цяпер на сайт БелТА – ні нагой, ні рукой. Ну іх. Вось зойдзеш на іх сайт паглядзець, хто чарговую кватэру ад аднаго вядомага гіпермаркета выйграў, а на цябе потым крымінальную справу адкрыюць за “несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды”. Не, я без інфармацыі пра выйгрышы ў латарэі і розныя крымінальныя здарэнні цалкам магу абысціся.

На офісах інтэрнэт-парталу tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН ды іншых СМІ адбыліся петрусы. Затрыманні журналістаў цягнуліся 7 і 8 жніўня. Кагосьці ўвечары 7-га адпусцілі, а кагосьці і не. Журналістаў абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі. Падставай для завядзення справы сталася паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыццяўленні доступу да платнай падпіскі на паслугі. То бок журналістаў пратрымалі ў Следчым камітэце, правялі ў іх вобшукі, забралі тэхніку і затрымалі з-за таго, што ў БелТА палічылі, што ў іх скралі інфармацыю з падпіскі. Хаця ў саміх рэдакцыях гавораць, што не былі падпісаныя на рассылку БелТА. Проста савецкая класіка атрымалася: быў бы артыкул, а чалавек знойдзецца. Камусьці штосьці падалося, а людзей затрымалі. А ўвогуле, як напісала адна з колішніх супрацоўніц БелаПАН, “застаецца адно гадаць, за якое месца прыхапіла КДБ Ірыну Акуловіч з БелТА”.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ