Пра „белых і пухнатых” міліцыянтаў



Прачытала я, што начальнік менскай міліцыя заявіў, што ўся менская міліцыя супраць гвалту. І ўжо хацела ўзрадавацца: нарэшце, міліцыя з народам, ура, можна адкаркоўваць шампанскае і святкаваць. Але не! Чытаю далей. Аказваецца, сваімі гвалтоўнымі дзеяннямі міліцыя толькі спыняе супрацьпраўныя дзеянні. І спыняцца яны толькі тады, калі людзі перастануць выходзіць на вуліцы. Эх! Шампанскае адправілася назад у лядоўню. Чакаць, што беларуская міліцыя, так жа, як і вайскоўцы, будуць з народам, не выпадае.

Дарэчы, наконт таго, што мы нарэшце зажывём так, як раней, калі перастануць выходзіць грамадзяне на плошчы, гавораць і міліцыянты затрыманым у рэгіёнах. Маўляў, перастане народ выходзіць, перастануць ужываць фізічную сілу і спецсродкі. Ага, перастаньце выходзіць, а яшчэ забудзьце пра ўсе катаванні, забойствы, арышты невінаватых і фальсіфікацыі на выбарах. Дзіўна, але за гэтыя больш, чым два месяцы супрацьстаянняў, міліцыянты так і не дагналі, чаму людзі выходзяць на плошчы. Яны самі сябе пераконваюць, што ёсць нейкі цэнтр, які грошы за гэта выплачвае. У атрыманні грошай, як заявіў начальнік мінскай міліцыі, нават некаторыя затрыманыя прызнаюцца. Ага, у 1937 годзе таксама некаторыя затрыманыя прызнаваліся ва ўдзеле ў няіснай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі. І таксама тады міліцыя, відаць, запэўнівала, што супраць гвалту.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ