Пра бяспеку самалётаў



Як той казаў, дна няма. Яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто б не паверыў, што можна зафарбаваць бела-чырвоныя трубы, бо ёсць пэўныя авіяцыйная патрабаванні. Аднак страх, што бела-чырвоная труба будзе нагадваць бчб сцяг, – мацнейшы за любую логіку і пытанні бяспекі. У Берасці дафарбавалі на трубе ТЭЦ чырвона-зялёны сцяг. І гэта проста новае слова ў правілах бяспекі палётаў. Ва ўсім свеце збудаванні ТЭЦ павінныя мець маркіровачную афарбоўку, паколькі адносяцца да катэгорыі перашкодаў на паветраных лініях аэратранспарту. Маркіровачная афарбоўка мусіць мець два колеры, якія вельмі адрозніваюцца адзін ад аднаго. Заўважце, два колеры. А ў Берасці атрымалася тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Прычым на чырвона-зялёным фоне нанесены яшчэ і арнамент бела-чырвоны. Больш за тое. Паводле правілаў, усе палоскі павінныя быць аднолькавай шырыні. А ў Берасці на ТЭЦ мала таго, што розная шырыня, дык з’явіўся яшчэ і вертыкальны арнамент. Карацей, патрабаванні бяспекі палётаў для абазначэння высокіх аб’ектаў на мясцовасці адпраўленыя вельмі далёка. Затое ўлады Берасця паказалі, якія яны патрыёты.

Калі б карціна Малевіча “Чырвоны квадрат”, дзе намаляваны чырвоны квадрат на белым фоне, экспанавалася ў Беларусі, то там бы абавязкова дамалявалі зялёны квадрат і арнамент. Не верыце? Узгадайце, што яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто не верыў, што можна замаляваць маркіровачную афарбоўку ТЭЦ.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ